Про собачью жизнь и зверские отношения к братьям нашим меньшим

Общество

Ці друг чалавека — сабака?..
Аднойчы я чуў, як выў сабака. У люты мароз. Выў па-воўчы, ажно мурашкі па целе. Рабілася вусцішна і жахліва. Так і хацелася сказаць гаспадару: “Ды спусці ты яго! Навошта трымаеш на прывязі?!”
Але спусці — значыць, дабаў напружання на нашых вуліцах, бо сабака бывае не толькі сябрам чалавеку, а і можа пакусаць. Ці мала жахлівых па сваёй трагедыі выпадкаў і па тэлебачанні, і ў газетах? Асабліва не могуць даць адпор сабачай агрэсіі дзеці, за іх боязна. Бяздомныя сабакі — патэнцыяльны вораг і для курэй, іншай вясковай жыўнасці. Такія трывожныя думкі і кіравалі жыхаркай вёскі Крывое Сяло В. Д. Гаранскай перад тым, як пазваніць у рэдакцыю і папрасіць дапамогі. Якой, жанчына, праўда, не ведае, але просіць умольна: засцеражыце ад страшных сабачых зграй!
Колькі сабак у вёсцы, ніхто не ведае. Ні ў сельсавеце, ні ўчастковы інспектар, ні ў мясцовым камунгасе. Гэтая “анархія” і справакавала несумленных гаспадароў у лютыя халады спускаць сваіх гадаванцаў з ланцуга, маўляў, няхай пабегаюць, сагрэюцца, а заадно і знойдуць сабе таго-сяго з харчоў. Так сказаць, далёкі прыцэл. І ніхто з гэтых “разумнікаў” не падумаў пра суседа, пра дзяцей, пра нямоглых людзей, якім сабака падчас “вяселля” можа нарабіць бяды.
Звярталася Вольга Дзмітрыеўна да начальніка мясцовага аддзялення ЖКГ Дзяніса Бязроднага: вылоўлівайце ці знішчайце — як хочаце, а абараніце людзей ад ліха. У яе нядаўна сабакі вынеслі з падворка сем курэй. Яна да ўчастковага, а той: трэба даказаць, што нарабіў шкоды, скажам, сабака Іванова. Трэба сфатаграфаваць, павялічыць здымак і толькі тады брацца за абвінавачванне. Ды як ты паспееш таго сабаку засняць на фотаапарат, калі ён схапіў ахвяру і — цягу?!
В. Д. Гаранская прасіла Дзяніса Бязроднага вывесіць па вёсцы  папераджальныя аб’явы або  з пагрозай штрафных санкцый. Абяцаў, хаця не вельмі ахвотна. А пакуль што даводзіцца спадзявацца на сумленне саміх вяскоўцаў. Да мая, пакуль не паставяць гаспадары сваіх сабак на прывязь, зграі могуць нарабіць нямала шкоды.
Праблема, па ўсім відаць, набывае глабальны, не толькі лакальны, шумілінскі характар. Заняліся праблемай ва УП ЖКГ, здаецца, некалькі крокаў яшчэ зрабіць і мы зможам мець рэальную магчымасць  ізаляваць бяздомнае сабачае племя, зрабіўшы для іх вальеры. Але справа лопнула: не хапіла грошай.
Можа, пачакаем лепшага часу? Ці згодны на такі варыянт В. Д. Гаранская, дзясяткі тых людзей, якім абрыдла і гаварыць, і пісаць пра гэты і сабачы, і чалавечы боль?.. Наўрад.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №15 ад 21.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *