Да цялят – з клопатам і ласкай
На любой ферме можна дабіцца добрых вынікаў у рабоце, калі не парушаецца тэхналогія, калі ёсць вопыт і старанне, лічыць аператар па доглядзе за маладняком буйной рагатай жывёлы фермы Слабада КУСГП «Сіроцінскі» Ларыса Стрыжак.
Ларыса Стрыжак вярнулася ў жывёла-гадоўлю два гады таму пасля працяглага перапынку – працавала раздатчыцай у сталовай. Вытрыманая і спрытная, яна ўпэўнена, што для добрага прыбаўлення ў вазе цялят трэба прыкласці нямала сіл.
«Цяляты патрабуюць увагі і клопату, – кажа жанчына. – Трэба прасачыць, каб добра елі, каб не хварэлі, а сіл набіраліся. Важны правільны настрой на работу і зацікаўленасць у яе выніках».
Загадчыца фермы Слабада Галіна Букоўская адзначыла, што Ларыса Генадзьеўна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі: даглядае 45 цялят сваёй групы (узрост 2-6 месяцаў), уручную раздае сена і муку, чысціць клеткі. З душой адносіцца да работы.
Таму і вынікі ёсць станоўчыя. Па ўмовах раённых прафсаюзных спаборніцтваў за студзень сярод аператараў па доглядзе за маладняком буйной рагатай жывёлы Ларыса Стрыжак заняла прызавое месца. Сярэднясутачныя прывагі цялят у яе групе склалі 542 грамы (плюс 15 грамаў да ўзроўню мінулага года). Дыплом, падарунак і віншаванні за працоўную перамогу Л. Г. Стрыжак атрымала ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгі Пусянковай.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

