Доска почёта Шумилинского района: водитель лесхоза Геннадий Соболевский

Общество Экономика

На раённую Дошку гонару занесена імя Генадзя Леанідавіча САБАЛЕЎСКАГА, вадзіцеля па вывазцы лесу Шумілінскага лясгаса.

Генадзь Сабалеўскі ў Шумілінскім лясгасе старажыл: працуе 17 год. Кіраўніцтва прадпрыемства адзначае, што гэты чалавек поўнасцю аддадзены лясной гаспадарцы.

Работа вадзіцеля – не самая простая, тым больш у лясгасе. Як кажа сам Генадзь, гэта не па асфальце ездзіць і не пячэнькі вазіць. Тут бездарожжа, лясныя дарогі, капрызы надвор’я і груз у дзясяткі кубаметраў. «Тэхніка павінна быць заўсёды спраўная, – зазначае ён. – Дзесьці недагледзеў, паспадзяваўся на авось – вось і станеш сярод лесу, і рабі, што хочаш».

Тры гады таму Генадзю Сабалеўскаму як аднаму з лепшых вадзіцеляў даверылі новы МАЗ, усюдыход. Цяпер няма такога месца, дзе не праедзе Генадзь. Калі да Шумілінскага лясгаса далучылі Дрэтунскі лясгас, такая тэхніка стала проста неабходнай. З Шуміліна да Дрэтуні (праз Сураўні) 80 км па грунтавых і лясных дарогах. За дзень робіць 3-4 рэйсы. Адзначае, што работа яму падабаецца.

Генадзь Сабалеўскі – мнагадзетны бацька, у яго пяцёра сыноў і дачка. Дзеці – асаблівы гонар мужчыны. «Усе пайшлі ў мяне, – канстатуе Генадзь. – Старэйшыя сыны ўсе з вадзіцельскімі правамі, а меншыя з задавальненнем катаюцца з бацькам. А сын Сяргей вучыцца на ваенным факультэце БНТУ – недарэмна ж я два гады быў кантрактнікам».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *