PROF#ориентационный десант: миссия выполнима

Молодёжь Новости Образование Общество

Выбар прафесіі – выбар будучыні. 19 красавіка ў Шумілінскім РЦК прайшло раённае мерапрыемства «PROF#ориентационный десант: миссия выполнима», у якім бралі ўдзел вучні 8-11 класаў. Яно стала фіналам трох кірмашоў мэтавай падрыхтоўкі, якія прайшлі ў СШ № 1, СШ № 2 і Мікіціхінскай СШ.

Перад пачаткам мерапрыемства профільныя класы школ прэзентавалі цікавыя і крэатыўныя на-працоўкі. Сельскагаспадарчы профіль рэкламавалі вучні Кардонскай, Мікіціхінскай і Обальскай школ, педагагічны – СШ № 1 і Обальская СШ. СШ № 1 таксама паказвала і свой інжынерны клас. Так, напрыклад, кардонскія вучні прапаноўвалі некалькі відаў хлеба, у тым ліку і ваенных часоў, а будучыя шумілінскія педагогі сваімі заданнямі зацікавілі як вучняў іншых школ, так і дарослых.

– У жыцці кожнага чалавека надыходзіць час, калі трэба рабіць выбар. Выбіраць, магчыма, на ўсё жыццё. І сёння вы стаіце менавіта перад такім выбарам, – адзначыў, звяртаючыся да школьнікаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. – Хочацца, каб у вас усё атрымалася і вы паступілі туды, куды жадаеце. У раёне створаны ўсе ўмовы для жыцця і развіцця, таму, закончыўшы навучальныя ўстановы, вяртайцеся на малую радзіму. Нам патрэбны граматныя маладыя спецыялісты. Разам мы зможам зрабіць наш раён, вобласць, краіну яшчэ больш квітнеючымі.

Мерапрыемства праходзіла па пяці тэматычных блоках: «Адукацыя», «Лясная гаспадарка», «Сельская гаспадарка», «Ахова здароўя» і «Тэхніка і будаўніцтва». Першай прэзентавалася сістэма адукацыі. Відэаролік, у якім удзельнічалі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая, дырэктар Шумілінскай СШ№ 2 Жанна Рагуновіч і і загадчыца дзіцячага сада № 3 г. п. Шуміліна Наталля Пашкевіч, расказаў пра тое, як працуюць у школах і садах раёна педагогі. Затым з відэапасланнем звярнуліся маладыя спецыялісты, якія працуюць у сферы адукацыі менш чым год. Іх «касмічная» песня сабрала багатыя апладысменты.

Прадстаўнік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава расказала пра ўніверсітэт, вучобу ў ім.

Лясную гаспадарку прадставілі маладыя спецыялісты Шумілінскага лясгаса Анатоль Кірылаў, Лізавета Багацёнак і Кацярына Старавойтава. Яны – мясцовыя, заканчвалі школы раёна. Анатоль вучыўся па мэтавым накіраванні, Лізавета і Кацярына пры размеркаванні выбралі малую радзіму. Усе задаволены сваім першым месцам работы.

Сістэму аховы здароўя таксама прадстаўлялі мясцовыя – урач-стаматолаг бальніцы Святлана Прыгун і фармацэўт аптэкі Аліна Траццякова. Да выпускнікоў звярнулася і малады спецыяліст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ганна Цупко.

Пра работу ў сельскай гаспадарцы расказаў галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ягор Зімін. Яго дапоўнілі прадстаўнікі сельскагаспадарчых класаў Кардонскай, Мікіціхінскай і Обальскай школ.

А вось блок «Тэхніка і будаўніцтва» прэзентавалі прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа і Віцебскага дзяр-жаўнага каледжа электратэхнікі.

Кульмінацыяй мерапрыемства стала ўручэнне накіраванняў на заключэнне мэтавых дагавораў. Іх атрымалі восем выпускнікоў у сістэму адукацыі, трое – у Шумілінскі лясгас, адзін – у «АграБаравінку».

Аляксандр САЧЫЎКА, дырэктар Обальскай СШ:

–  Праз чатыры гады ў нашу школу прыйдуць два маладыя спецыялісты пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «пачатковая адукацыя» і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя». Дзякуючы мэтавым накіраванням мы зможам закрыць праблемныя месцы.

Людміла ДОКТАРАВА, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса:

–  Сёлета лясгас вельмі добра папрацаваў з выпускнікамі. Як вынік, двух дзевяцікласнікаў Башнёўскай БШ накіроўваем на вучобу ў Полацкі дзяржаўны лясны каледж, адзінаццацікласніка СШ № 1 – у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Яшчэ чацвёра выпускнікоў далі папярэднюю згоду.

Анастасія ДУБАТАВА, дзевяцікласніца СШ № 1:

–  Пасля кірмашу мэтавай падрыхтоўкі, які прайшоў у нашай школе, дакладна вырашыла, што пайду вучыцца ў Полацкі педагагічны каледж. Пасля высветлілася, што пасля яго заканчэння магу стаць настаўніцай роднай школы. Таму адназначна і бяру мэтавае накіраванне.

Уладзіслаў АВЕРЧАНКА, адзінаццацікласнік Обальскай СШ:

–  Мой выбар – настаўнік фізічнай культуры. Па-іншаму і быць не магло, бо дзевяць год займаюся грэка-рымскай барацьбой, быў пераможцам і прызёрам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. А тое, што буду працаваць у Амбросавіцкай школе, толькі плюс, адкрыю секцыю па грэка-рымскай барацьбе.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *