Пераблытаў уласную кішэню з грамадскай
На мінулым тыдні супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь перадалі пракурору раёна для накіравання ў суд крымінальную справу ў адносінах да кіраўніка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна, узбуджаную па ч. 1 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Завалодванне маёмасцю, здзейсненае службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў». Згодна з заканадаўствам за гэтае крымінальнае злачынства можна пазбавіцца волі тэрмінам да чатырох год з забаронай займаць кіруючыя пасады.
– У лютым гэтага года ў Следчы камітэт паступіла інфармацыя, што кіраўнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў прадае металалом, – расказаў старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Андрэй Селязнёў. – Пачалі праводзіць праверку, і факты пацвердзіліся.
У канцы мінулага года ў сельгаспрадпрыемства ўзніклі пытанні з палівам. Было вырашана, што работнікі будуць як фізічныя асобы здаваць металалом, а грошы ўносіць у касу. Такім чынам была прададзена частка непрацуючай сушылкі. Праўда, кіраўнік гаспадаркі палічыў, што дадзеная схема можа працаваць і на яго ўласную кішэню. Работнікам загадаў працягваць разбіраць сушылку, а сам патэлефанаваў у нарыхтоўчую фірму, каб прыехалі за металам. У студзені метал прадаваўся двойчы, у лютым – адзін раз на агульную суму 6 695 рублёў. У касу грошы не трапілі.
Калі пачалося следства, падазроны ўсяляк спрабаваў даказаць, што не вінаваты. Напачатку была версія, што трое канторскіх работнікаў папрасілі матэрыяльную дапамогу, а грошай у гаспадарцы на той час не было, вось і вырашыў «дапамагчы людзям, выдаўшы матэрыяльную дапамогу жалезам». І нават заявы былі прадастаўлены (следства ўстанавіла, што яны былі напісаны ў сакавіку заднім чыслом). Работнікі падчас следчых дзеянняў практычна адразу расказалі, што заявы папрасіў напісаць кіраўнік.
Пасля падазроны спрабаваў даказаць, што грошы трымаў на ўсялякі выпадак для гаспадаркі: «Калі трэба нешта для гаспадаркі купіць, грошы шукаць не трэба…». І гэтая версія правалілася. Следчыя ўстанавілі, што ён запазычыў грошы ў сваёй знаёмай непасрэдна пасля таго, як была ўзбуджана крымінальная справа.
І толькі пасля таго, як мужчына правёў некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання, зразумеў, што следства крок за крокам узнаўляе ўсе падзеі, і яму лепш супрацоўнічаць са следствам. З яго было ўзята абавязацельства аб яўцы і накладзена забарона на выезд за межы Беларусі.
Пасля таго, як кіраўнік сельгаспрадпрыемства пачаў супрацоўнічаць са следствам, раскрыццё справы пайшло хутчэй. За час расследавання было апытана 49 сведкаў, следчыя неаднаразова выязджалі ў гаспадарку для правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў.
Адзначым і тое, што падазроны поўнасцю прызнаў сваю віну, раскаяўся і кампенсаваў гаспадарцы нанесеную шкоду ў поўным аб’ёме.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

