Жніво ў “Ляжнях” набірае разгон

Уборка ўраджаю для механізатараў ААТ «Ляжні» – работа напружаная, але адначасова жаданая і радасная.
Першым на чарзе сёлета быў азі-мы рапс, якога засеяна дзвесце гектараў. Умовы надвор’я зімой і вясной былі не на яго карысць – культура месцамі вымерзла ці адмокла. Таму ўраджайнасць ва ўрочышчы Перакрыжаванне, дзе працавалі механізатары на мінулым тыдні, не вельмі парадавала. Затое на ўчастку Крывое Сяло зерневыя выраслі добрыя. У камбайнераў душа пяе, калі бункеры хутка напаўняюцца азімым ячменем, што засеяны ля Сінякова, калі гружаныя аўтамабілі ці трактары кіруюць да зернесушыльнага комплексу. У гэты час Уладзімір Скітоў і Андрэй Каваленка, а таксама іх камбайнеры-калегі Ілья Барадулін, Сяргей Роганаў, Аляксандр Аўчыннікаў адчуваюць прыліў сіл і асаблівую радасць, бо ўборка ўраджаю – вынік іх нялёгкай і карпатлівай працы.
Андрэй Каваленка – адзін з вопытных камбайнераў раёна. На жніве ён працуе 33 гады. За гэты час бачыў розныя ўраджаі. І сёлетні азімы ячмень (яго засеялі летась 97 гектараў) парадаваў – дае да 27 цэнтнераў з гектара. Не прагадала гаспадарка, калі купляла эліту “дзіпло” і “ізацэль” – сярэдняспелы і ранні гатункі, абодва ўстойлівыя да палягання і засухі.
СЛОВА – КІРАЎНІКУ
Аляксандр Папіна, дырэктар ААТ «Ляжні»:
– Асаблівасць сёлетняй уборачнай у тым, што стартанулі рана. Умовы надвор’я былі спрыяльнымі для выспявання ўраджаю. Азімы ячмень апраўдаў сябе. Прыкладна ж такі ўраджай чакаем ад жыта і азімай пшаніцы. На палетках працуюць пяць экіпажаў камбайнераў. Ёсць у гаспадарцы і памочнікі, якіх прынялі на час жніва па дагаворы падраду. Работа наперадзе чакаецца напружаная: трэба ўбраць 406 гектараў азімай пшаніцы, 100 га жыта, 68 га трыцікале. Затым прыступім да яравых зерневых і зернебабовых, якіх засеяна сёлета больш за 600 гектараў. Яшчэ рана гаварыць, коль-кі выйдзе цэнтнераў з гектара на круг, як кажуць у народзе, куранят па восені лічаць. Важна захоўваць тэхналагічныя тэрміны, каб забяспечыць высокую якасць насення як на выхадзе з бункера камбайна, так і пасля яго дапрацоўкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА
