«За намі – людзі!»
Падчас 120-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі, якое адзначаецца сёлета, ёсць нагода згадаць тых, хто многа гадоў узначальваў прафсаюзныя арганізацыі ў раёне. Сярод такіх – былы старшыня прафсаюзнай арганізацыі Мікіціхінскай школы Аляксандр Іванавіч Буйноў.
Родам з вёскі Прыазёрная, Аляксандр Іванавіч некалькі гадоў працаваў настаўнікам і дырэктарам Суравенскай школы. У пачатку 80‑х з сям’ёй пераехаў у Мікіціху, бо тут быў добры дзіцячы сад, куды аддалі дзвюх дачушак. Практычна адразу настаўнікі абралі маладога і перспектыўнага Аляксандра старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. У маленькай школьнай пярвічцы пачалася сур’ёзная работа. На той час у калектыве было нямала маладых настаўнікаў, таму пастаянна прымалі ўдзел у розных раённых спартыўных баталіях, выставах, конкурсах мастацкай самадзейнасці. «Кожны работнік школы ўваходзіў у прафсаюзную пярвічную арганізацыю, і гэта садзейнічала ўмацаванню аўтарытэту пярвічкі, – успамінае Аляксандр Іванавіч. – Прафсаюзны камітэт працаваў актыўна. За намі былі людзі! І мы стараліся».
Члены школьнай прафсаюзнай арганізацыі займаліся патрыятычнай работай: разам з дзецьмі дапамагалі ветэранам, якія на той час жылі не толькі ў Мікіцісе, але ў Мазурыне, Латкове, Доўгай Ніве, даглядалі брацкія пахаванні. Кожны работнік школы разлічваў на прафсаюзную падтрымку пры нараджэнні дзяцей, падчас вяселляў ці юбілеяў. Незабыўныя і прафсаюзныя экскурсіі ў Пскоў, Маскву, Ленінград і іншыя гарады.
Арганізатарскіх здольнасцяў у Аляксандра Буйнова было не адняць. Ён быў уважлівы да людзей, добры і справядлівы. Такі ветэран працы і зараз.
«Нашы ветэраны – той фундамент, дзякуючы якім захоўваюцца лепшыя традыцыі прафсаюзнага руху, – кажа старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка. – З такіх вопытных ветэранаў прафсаюзнага руху, як Аляксандр Іванавіч Буйноў, бяром прыклад. Так і павінна быць, бо як кажа Аляксандр Іванавіч: «За намі – людзі! І мы за іх у адказе».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

