«Над кнігай «Памяць» працавалі ўсім раёнам»
22 студзеня 1985 года была падпісана ў друк кніга «ПАМЯЦЬ. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»
У раённай бібліятэцы прайшла тэматычная сустрэча, прысвечаная 40-годдзю выхаду ў свет кнігі «ПАМЯЦЬ. Шумілінскі раён», у якой удзельнічалі жыхары раёна: моладзь, ветэраны працы, работнікі арганізацый і ўстаноў, актывісты грамадскіх арганізацый.
«Кніга “Памяць” з’яўляецца, у першую чаргу, помнікам нашым землякам, воінам-вызваліцелям, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і заваявалі для нас мір і свабоду, дзякуючы якім мы можам жыць у мірнай краіне, працаваць, расціць дзяцей, будаваць нашу дзяржаву. Кніга захавала імёны воінаў, партызан, працаўнікоў тылу, зберагла для наступных пакаленняў іх успаміны і подзвігі. У кнізе захоўваецца гісторыя нашага раёна з глыбокай старажытнасці і да сучаснасці. Варта заўважыць, што работа, якую пачалі стваральнікі кнігі, не спынілася і зараз, з’яўляюцца новыя імёны і факты», – сказала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, адкрываючы мерапрыемства.
Навуковы супрацоўнік Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Віктар Саковіч расказаў пра праект па напісанні кніг «ПАМЯЦЬ», які пачаўся ў сярэдзіне 1970-х гадоў па ініцыятыве тагачаснага кіраўніка рэспублікі першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава. І кніга «ПАМЯЦЬ. Шумілінскі раён», выдадзеная ў 1985 годзе у выдавецтве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, стала першай у Беларусі і Савецкім Саюзе кнігай праекта.
Да 1991 года было выдадзена ўсяго 6 кніг «ПАМЯЦЬ». Потым пытанне было разгледжана на Савеце Міністраў БССР, пасля чаго да праекта падключыліся іншыя выдавецтвы, і выданне кніг актывізавалася. У 1991-1996 гадах выйшла 21 кніга, у 1997-2001-89 кніг, з 2002 па 2005 гады выдадзены 42 кнігі. Такім чынам, выданне гісторыка-дакументальных хронік усіх раёнаў і гарадоў Беларусі, распачатае да 40-годдзя Перамогі, завяршылася да 60-й гадавіны Перамогі. У Беларусі ў рамках праекта выдадзена 158 кніг.
Як адзначыў Віктар Саковіч, самым вялікім тыражом – 33 тысячы экзэмпляраў – выйшла наша кніга «ПАМЯЦЬ. Шумілінскі раён», тыраж кніг, якія выдаваліся ў пачатку 1990-х складаў 15-20 тысяч, у канцы 1990-х ён зменшыўся да 5-10 тысяч, у 2000-я гады кніга выдавалася накладам 2-3 тысячы экзэмпляраў.
Ветэран працы Вольга Аўчыннікава, якая ў 1970-1980-я гады працавала ў райкаме КПБ, райвыканкаме, з’яўлялася адным з непасрэдных удзельнікаў збірання і падрыхтоўкі матэрыялаў для кнігі, успамінае: «У адзін з візітаў у раён у 1975 годзе Пётр Машэраў, які сам з’яўляўся ўдзельнікам вайны, Героем Савецкага Саюза, запытаў тагачаснага першага сакратара Шумілінскага райкама Ніну Сянчура, што робіцца па захаванні памяці пра ўдзельнікаў вайны. Ніна Сяргееўна расказала, што ўстаноўлены мемарыял на буйным вайсковым пахаванні ў Тропіне і помнік партызанам у Корна, запланавана ў цэнтры кожнай гаспадаркі ўстанавіць помнік загінуўшым землякам. “Трэба захаваць імя кожнага ўдзельніка вайны, нікога не забыць, каб будучыя пакаленні ведалі пра подзвіг сваіх продкаў. Падумайце, як гэта зрабіць”, – сказаў Машэраў. Ніна Сянчура выказала задачу актыву раёна. Галоўны рэдактар раённай газеты “Герой працы” Эдуард Дамарацкі прапанаваў надрукаваць кнігу, якую можна захоўваць у кожнай сям’і. Машэраў падтрымаў ідэю.
Была створана раённая камісія на чале з першым сакратаром райкама партыі. Спачатку гэта была Ніна Сянчура, потым камісію ўзначаліў Уладзімір Пясоцкі. Аналагічныя камісіі былі створаны ў кожным сельсавеце. І пачалася работа, да якой былі прыцягнуты ўсе – сакратары партарганізацый, камсамольцы, актывісты, спецыялісты, настаўнікі гісторыі, кіраўнікі. Над кнігай працавалі ўсім раёнам. Сапраўдным рухавіком дзейнасці стала Галіна Пеніна, загадчык аддзела прапаганды райкама.
Было дадзена заданне сабраць успаміны ўсіх жывых удзельнікаў вайны, якія трэба было праверыць па архіўных матэрыялах. У той час у раёне было каля 1700 ветэранаў вайны. Складана разгортвалася работа ў архівах: Ваенна-медыцынскім у Ленінградзе (зараз Санкт-Пецярбург) і Цэнтральным архіве Міністэрства абароны ў Падольску ў Падмаскоўі. У той час усё было засакрэчана, трэба было атрымаць дазвол. Уладзімір Пясоцкі звярнуўся да нашага земляка Міхаіла Зімяніна, які быў сакратаром ЦК КПСС. Ён адобрыў і падтрымаў ідэю, пасля яго ўмяшання ўсе перашкоды былі знятыя. У той час не было капіравальнай тэхнікі, таму ўся інфармацыя з архіўных дакументаў перапісвалася ад рукі ў сшытак. Галіна Пеніна працавала ў падольскім архіве, Міхаіл Станавенка, старшыня партыйнай камісіі, і Анатоль Бруцкі з рэдакцыі газеты – у Ленінградзе. Спатрэбілася шмат паездзіць, каб перапісаць усю інфармацыю. А рукапісныя тэксты пасля трэба было надрукаваць на механічных друкавальных машынках, для чаго задзейнічалі ўсіх машыністак і не толькі іх.
Акрамя мясцовых актывістаў да работы над кнігай, для напісання асобных артыкулаў прыцягвалі вучоных, пісьменнікаў, журналістаў з Віцебска і Мінска. Значны ўклад унёс наш мясцовы таленавіты журналіст Уладзімір Нарушэвіч. Сабраныя матэрыялы друкавалі ў раённай газеце і часопісе “Маладосць”, пасля чаго паступалі ўдакладненні, дапаўненні ад людзей. Сабралі намнога больш матэрыялаў, чым увайшло ў кнігу. Што ўключаць, у якім аб’ёме, вырашала рэдакцыйная калегія.
І вось зімой 1985 года да будынка райвыканкама пад’ехала “Калхіда”, якая прывезла тыраж кнігі. Кнігу ў першую чаргу ўручылі кожнаму ўдзельніку вайны. Іх дарылі ветэранам вайны, якія вызвалялі наш раён і прыязджалі 9 мая на месцы сваіх баявых дзеянняў. Кожны год прыязджалі дзясяткі чалавек. Купіць яе мог любы за 2 рублі 50 капеек. За некалькі гадоў разышоўся ўвесь тыраж – 33 тысячы экзэмпляраў. Кніга сапраўды стала помнікам удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і беражліва захоўваецца ў многіх сем’ях».
Дарэчы, у кнізе «ПАМЯЦЬ. Шумілінскі раён» пералічаны прозвішчы 57 прадстаўнікоў грамадскасці, якія збіралі і апрацоўвалі матэрыялы для гісторыка-дакументальнай хронікі раёна, 14 пісьменнікаў і журналістаў, 5 фатографаў, чые ілюстрацыі дапоўнілі тэксты. Над кнігай працавалі 17 супрацоўнікаў выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі.
Дапоўніў успаміны былы кіраўнік раёна Віктар Гутараў, які таксама падкрэсліў вялікі аб’ём інфармацыі, сабранай і перапрацаванай для стварэння кнігі, адзначыў важнасць выдання для патрыятычнага выхавання сучаснага маладога пакалення.
Відэафільм Белтэлерадыёкампаніі «Шуміліна. Вяртанне да вытокаў», расказы выступоўцаў, відэарадок, які суправаджаў гістарычную рэтраспекцыю, музычныя нумары, падрыхтаваныя артыстамі раённага цэнтра культуры, майстэрскі, душэўна звязала ў адзінае апавяданне вядучая сустрэчы Людміла Грыгор’ева.
Усе жадаючыя могуць пазнаёміцца ў цэнтральнай бібліятэцы з выставай, прысвечанай юбілею галоўнай кнігі раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.




