Работа з падлеткамі: важны індывідуальны падыход
Пакуль дзеці адпачывалі, дарослыя абмяркоўвалі, наколькі эфектыўна арганізавана і праводзіцца ў раёне індывідуальная работа з непаўналетнімі, каб скарэкціраваць планы на новы навучальны год. Тэма для абмеркавання была вынесена на разгляд пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое ўзначаліў старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Будневіч.
Гэтай надзвычай важнай тэме раённая ўлада і ўсе зацікаўленыя службы надаюць вялікую ўвагу, зазначыла ў дакладзе намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Грузневіч. Найбольш зацікаўленыя – установы адукацыі, інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС, Шумілінская цэнтральная раённая бальніца, якія працуюць у цеснай звязцы з установамі спорту, культуры, раённым камітэтам ГА БРСМ, сельскімі выканаўчымі камітэтамі, установамі і арганізацыямі раёна.
Вынік узаемадзеяння ёсць – на 1 ліпеня 2024 года ў раёне назіраецца змяншэнне колькасці фактаў здзяйснення непаўналетнімі правапарушэнняў, адсутнічаюць факты накіравання дзяцей у спецыяльныя ўстановы закрытага тыпу, няма падлеткаў на дыспансерным уліку і лячэбна-прафілактычным назіранні ва ўрача-нарколага. За бягучы перыяд 2024 года не зарэгістравана злачынстваў, учыненых непаўналетнімі.
Гэта зусім не сведчанне таго, што ў нас няма праблемных дзяцей. Ёсць, але з імі працуюць. У школах у дачыненні да 14 вучняў (12 з іх не дасягнулі ўзросту прыцягнення да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці) арганізавана правядзенне індывідуальнай прафілактычнай работы, інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС такую работу праводзіць з 11 падлеткамі, ЦРБ – з адной непаўналетняй. Аналіз работы паказвае, што на працягу двух апошніх гадоў толькі ў Мішневіцкай БШ адсутнічаюць вучні, з якім варта праводзіць індывідуальную прафілактычную работу.
Людміла Аляксееўна расказала, што ў дачыненні да кожнага падлетка вывучаюцца прычыны і ўмовы здзяйснення правапарушэнняў. Асноўныя прычыны, якія спрыяюць іх здзяйсненню, відавочныя і ўсім вядомыя – паслабленне сямейных сувязяў, недастатковы кантроль з боку бацькоў, недастатковая арганізацыя занятасці непаўналетніх у вольны ад вучобы час, у перыяд канікул, наіўная перакананасць падлеткаў у беспакаранасці.
На пасяджэнні была падрабязна прааналізавана работа ўсіх суб’ектаў па арганізацыі занятасці падлеткаў з мэтай прафілактыкі і прадухілення супрацьпраўных паводзін, адзначана неабходнасць развіцця новых форм работы.
Мікалай Будневіч, падводзячы вынікі абмеркавання пытання, заўважыў, што ёсць рэзервы для ўдасканалення работы як з непаўналетнімі, такі іх бацькамі і законнымі прадстаўнікамі па недапушчэнні ў далейшым падлеткамі парушэнняў крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства.
Алена КАРПУШЭНКА

