Кірмашовы фотарэпартаж

Новости Общество

Разбіралі яблыкі і сала, а вось на бульбу ажыятажу не было. У мінулую суботу ў Шуміліне прайшоў восеньскі кірмаш.

Ці то кірмаш праходзіў незвычайна рана, ці то шумілінцы вырашылі апошнія цёплыя дні прысвяціць іншым заняткам, але вялікага ажыятажу не было. Нават бульбу (25 рублёў за 30-кілаграмовую сетку), якую прывезлі на кірмаш некалькі фермераў і прыватнікаў, разбіралі няспешна. Хаця невялікія чэргі па 5-7 чалавек стаялі многа да якіх прадаўцоў.

Ахвотна куплялі гародніну – капусту, перац, моркву, баклажаны, памідоры, якую прывёз фермер з Брэстчыны, разбіралі яблыкі, якія сёлета ў нас у дэфіцыце. Гэты мужчына гандлюе не першы год і зарэкамендаваў якаснай прадукцыяй. Дарэчы, ён заўжды прыязджае не адзін, а з маленькім памочнікам. Сёлета хлопчык таксама дапамагаў бацьку па меры сіл: чысціў і выкладваў качаны капусты, пад-носіў сеткі з перцам, дапамагаў пакупнікам накладваць у пакеты гародніну – вось такое працоўнае выхаванне.

Кошт на гародніну быў прыкладна аднолькавы ва ўсіх прадаўцоў: 2-3 рублі – перац, памідоры, баклажаны, 1,2 рубля – капуста, буракі, морква. Дробныя памідоры, якія прапаноўвалі з машыны “Вясна-энерга” па 50 капеек, разбіралі каробкамі, тут жа куплялі агуркі, буракі і іншую гародніну.

 

У аматараў-кветкаводаў разбягаліся вочы ад шматкаляровай палітры хрызантэм. На месцы можна было атрымаць і кансультацыю па асаблівасцях вырошчвання тых ці іншых пладовых і дэкаратыўных культур. Шмат куплялі саджанцаў, якія прывезлі ў Шуміліна адразу тры фермерскія гаспадаркі з Мінскага раёна. Ахвотна разбіралі яблыні і грушы, вішні і слівы, парэчкі і агрэст, прыглядваліся да экзатычных абрыкосаў і персікаў, куплялі модныя садовыя дурніцы.

А побач з аўтамабіля “Віцебскторфу” прапаноўвалі спецыяльны грунт для тых жа дурніц, а таксама для расады гародніны і хатніх раслін.

Увесь час стаялі чэргі да прылаўкаў, на якіх гандлявалі салам (20-25 рублёў) і іншымі мяснымі прысмакамі. Актыўна куплялі яйкі ад Гарадоцкай птушкафабрыкі.

Усе шумілінскія сельскія гаспадаркі прапаноўвалі збожжа (пшаніцу ці ячмень па 30 рублёў за мех). “Ульскі” і “Райаграсэрвіс” прывезлі гной па 120-160 рублёў за прычэп ці машыну. Пакупнікі знайшліся адразу і былі гатовыя прыплаціць за дастаўку на свой агарод.

Знайшло пакупніка на дровы УП ЖКГ, якое прапаноўвала дровы па 240 рублёў (6,5 куб.м) не пілаваныя і па 320 рублёў (4,5 куб.м) колатыя.

Шумілінскі лясгас прапанаваў і мёд (17,5 за літр), і бярозавы сок у асартыменце, і саджанцы дэкаратыўных кустоў. Мёд прапаноўвалі і прыватныя пчаляры.

На кірмашы можна было набыць таксама гаспадарчыя тавары, адзенне, вырабы рамеснікаў: ад кошыкаў з лазы, дроту ці пластыку да біжутэрыі і скураных рамянёў і сумак.

 

У цэнтры кірмашовай пляцоўкі размясціліся ўстановы адукацыі раёна. Дэкарыраваны ўваход, арганізаваная дэгустацыя, стылізаваныя касцюмы прадаўцоў і ўпрыгожаныя сталы з рознымі прысмакамі: булачкамі, піражкамі, кексамі, іншай выпечкай – заклікалі завітаць і пачаставацца. Прадавалі і садавіну-гародніну, а Амбросавіцкая базавая школа прывезла поліўку па 2 і 4 рублі за пластыкавую шклянку, якую хутка разабралі.

Забаўлялі народ і заклікалі да пакупак скамарохі з раённага цэнтра культуры. Кірмаш удаўся, але многія казалі, што было б добра паўтарыць яго тыдні праз два-тры.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *