Удасканальваем камунальную сферу дзеля камфортнага жыцця шумілінцаў
Як у раёне выконваецца Дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2021-2025 гады», абмеркавалі на адкрытым пасяджэнні райвыканкама. Удзел у пасяджэнні прымаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Уладзімір Гадзяцкі.
Мэта праграмы – забеспячэнне камфортных умоў пражывання ў першую чаргу за кошт павышэння эфектыўнасці і надзейнасці функцыянавання аб’ектаў ЖКГ з адначасовым зніжэннем выдаткаў на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. Яна ўключае ў сябе шэсць падпраграм: «Даступнасць паслуг», «Добраўпарадкаванне», «Эфектыўнае цеплазабеспячэнне», «Рамонт жылля», «Чыстая вада», «Мэта 99».
Як заўважыў перад пачаткам абмеркавання пытання старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, у раёне планамерна выконваюцца вызначаныя праграмай задачы, прымаюцца меры па ажыццяўленню кантролю, аднак ёсць шэраг праблем, якія патрабуюць больш шырокага і сур’ёзнага абмеркавання і падыходу. Па сутнасці, адзначыў ён, дзяржпраграма – адзін з інструментаў рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і краіны ў цэлым. Ад якасці работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі залежыць дабрабыт людзей, іх здароўе, працаздольнасць і наогул настрой у грамадстве.
Аб праведзенай рабоце і дасягнутых выніках па кожнай з падпраграм падрабязна расказаў у сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін, адзначыўшы, што ў цэлым паказчыкі 6 падпраграм дзяржпраграмы па Шумілінскім раёне выконваюцца. Даклад дапоўнілі намеснік дырэктара філіяла «Полацкводаканал» УП «Віцебскаблводаканал» Уладзімір Пірагоў і дырэктар УП ЖКГ Шумілінскага раёна Аляксей Шпакаў.
ЛІЧБЫ І ФАКТЫ З ДАКЛАДА
На 1 верасня пратэрмінаваная дэбітор-ская запазычанасць насельніцтва за ЖКП складае больш за 223 тысячы рублёў, з іх запачычанасць па арэнднай плаце – амаль 38 тысяч руб.
На 1 жніўня пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць юрыдычных асоб перад УП ЖКГ Шумілінскага раёна складае амаль 62 тысячы рублёў (асноўныя даўжнікі – сельскагаспадарчыя прадпрыемствы).
Малазабяспечаным і сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва ў студзені – жніўні 2024 года аказана падтрымка ў форме безнаяўных жыллёвых субсідый для дастковай аплаты ЖКП. 64 дамашнім гаспадаркам прадастаўлена 5,05 тыс. рублёў безнаяўных жыллёвых субсідый, у тым ліку па заяўным прынцыпе падтрымку атрымала адна дамашняя гаспадарка на суму 0,096 тыс. руб.
На 2024 год даведзена заданне па рамонце 6 прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў. Выкананы работы па 4-х аб’ектах, да канца года плануецца выканаць заданне яшчэ на двух (100%).
Па падліках УП ЖКГ, сёлета высаджана 29 552 шт. кветак, 11 дрэў, 8 кустоў, 152 штукі руж.
Выкананы работы па ўладкаванні драўлянай агароджы грамадзянскіх могілак у в. Грудзінава і в. Заобаль, бягучы рамонт кантэйнерных пляцовак на 6 грамадзянскіх пахаваннях, устаноўка інфармацыйных таблічак (банераў) на могілках «Казлова», «Зуёўскае».
Выкананне ў студзені-чэрвені 2024 года мерапрыемстваў, прадугледжаных праграмай па энергазберажэнні на 2024 год, дазволіла сэканоміць 45 тон умоўнага паліва (або 3,0 тыс. руб.).
На 2024 года даведзена задача правесці капрамонт трох аб’ектаў на плошчы 3,8 тыс. кв. м. Работы завершаны на адным аб’екце, вядуцца на двух, да канца года мяркуецца выканаць план.
У 2024 годзе філіял «Полацкводаканал» пабудаваў станцыі абезжалезвання ў Башнях, Добрыне, завяршаюцца работы ў Мішневічах, да канца года запланавана будаўніцтва станцыі ў Мішкавічах.
Выкананы работы па ўстаноўцы водаачышчальнага абсталявання ў 5 населеных пунктах, да канца года – яшчэ ў 4-х.
За восем месяцаў прадпрыемствамі раёна пры гадавым заданні 920 тон сабрана 594,6 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў (64,6%).
Слушныя і аб’ектыўныя заўвагі па не-каторых пытаннях зрабіў старшыня КДК вобласці. Уладзімір Уладзіміравіч агучыў вынікі яго агляду шматкватэрнага дома, на якім быў паведзены капрамонт, і прапанаваў больш комплексна весці работы і па добраўпарадкаванні прылягаючых тэрыторый і падвалаў. Выказаў заўвагу і наконт таго, чаму так позна распачалі капрамонт дома па Луначарскага, чаму пры ўводзе станцый абезжалезвання не забяспечваецца якасць вады, пра што сведчыць рост зваротаў у службу 115. Адзначыў У. У. Гадзяцкі і недастатковую індывідуальную работу з неплацельшчыкамі за КБП і па рэалізацыі падпраграмы «Мэта 99», якая прадугледжвае работу з адходамі і збор другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык выказаў заўвагі наконт недастатковай работы па прыцягненні насельніцтва да добраўпарадкавання і да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаваныя звалкі, спытаў, з чым звязаны рост зваротаў па выкананні бягучага рамонту.
Падрыхтаваны праект рашэння з улікам дапрацовак, зазначыў кіраўнік раёна, дасць магчымасць не толькі дасягнуць асноўнай мэты па павышэнні эфектыўнасці і на дзейнасці работы вытворчых аб’ектаў, паляпшэнні якасці прадстаўляемях паслуг на аснове выканання сацыяльных стандартаў пры абавязковым зніжэнні выдаткаў на іх аказанне, але і будзе спрыяць павышэнню адказнасці кіраўнікоў за прымаемыя імі рашэнні.
Алена КАРПУШЭНКА.


