Свята, якое адзначаюць усе
4 кастрычніка ў Шуміліне ў раённым цэнтры культуры ўшаноўвалі педагогаў.
З прафесійным святам – Днём настаўніка – прысутных у зале павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Дзень настаўніка – свята асаблівае, якое святкуюць усе, узгадваючы школу, любімых настаўнікаў і класных кіраўнікоў, адзначыла Ірына Іванаўна. «Вы будуеце падмурак грамадства, – падкрэсліла яна. – І чым мацней ён будзе, тым лепш будзе наш раён, вобласць, краіна».
На ўрачыстасцях былі ўзнагароджаны: Сіліна Любоў Барысаўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ № 1 – Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама; Мігуцкая Марына Аляксандраўна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мікіціхінскай СШ – Ганаровай граматай Шумілінскага райвыканкама; Якубёнак Вера Мікалаеўна, дырэктар Слабадской БШ, – Ганаровай граматай Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў; Лазука Наталля Мікалаеўна, выхавальнік дзіцячага сада № 2 г. п. Шуміліна, – Падзякай старшыні Шумілінскага райвыканкама.
Віншуючы педагогаў і ветэранаў галіны са святам, намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Саўчанка падзякавала ўсім за неацэнны ўклад у справу выхавання і навучання падрастаючага пакалення. Работнікам, якія дасягнулі найбольшых поспехаў у рабоце, былі ўручаны ганаровыя граматы аддзела па адукацыі райвыканкама.
Да віншаванняў далучылася і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка, якая ўручыла грамату Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі настаўніку пачатковых класаў Слабадской БШ старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Святлане Віктараўне Калеснікавай.
Асаблівыя словы ўдзячнасці ў гэты дзень гучалі ў адрас юбіляра Святланы Анатольеўны Сільчанка, якая не адно дзесяцігоддзе аддала сістэме адукацыі, працавала настаўнікам гісторыі, намеснікам дырэктара на выхаваўчай рабоце СШ № 1, дырэктарам раённай гімназіі.
Дапоўніў святочную атмасферу цудоўны канцэрт, падрыхтаваны артыстамі РЦК.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

