Гнаць, прадаваць і купляць самагон забаронена!
З кожным годам у раёне самагоншчыкаў становіцца менш, адзначаюць супрацоўнікі РАУС. Разам з тым сёлета міліцыянеры канфіскавалі 25 літраў самагону і самагоннай брагі (летась за такі ж перыяд было 40 літраў). Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 5 чалавек – па два з Обалі і Мішневіч, адзін – са Жданоўкі. Усе яны заплацілі штраф да 5 БВ, спіртныя напіткі былі канфіскаваны.
У супрацоўнікаў РАУС свае сакрэты, як знайсці “кропкі”, дзе рэалізоўваюць самагон. Іншы раз незаконная рэалізацыя “выплывае” выпадкова. Так, нядаўна ў аг. Мішневічы спынілі на дарозе нецвярозага жыхара (кандыдата ў лячэбна-працоўны прафілакторый). У працэсе размовы з міліцыянерамі той расказаў, што з ім разлічылася бутэлькай самагону за дапамогу па гаспадарцы знаёмая жанчына. Так супрацоўнікам РАУС стала вядома, хто гоніць самагон.
«Некаторыя жыхары раёна ўпэўнены, што гнаць самагон у невялікай колькасці для асабістых патрэб – законна. Гэта міф, – кажа начальнік аддзялення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі РАУС Павел Трафімаў. – Вырабляць самагон, прадаваць і разлічвацца ім забаронена! Таксама незаконным з’яўляецца набыццё самагону (штраф да 5 БВ). Такая ж адказнасць прадугледжана за захоўванне самагонных апаратаў».
Людміла ЗУЙКОВА.

