Палову трактароў у «Ляжнях» давялі да ладу
На парадку дня сельгасарганізацый – рамонт тэхнікі да вясенняй пасяўной.
На днях мы пабывалі ў ААТ «Ляжні» – тут вёўся рамонт трактароў і сеялак. «Вясной буду працаваць на падвозе зерня да пасяўных агрэгатаў, таму мне важна адрамантаваць не толькі МТЗ, але і загрузачны бункер, – расказаў механізатар Генадзь Белавусаў. – Давожу да ладу шнэк, мяняю ланцугі і падшыпнікі. Што тычыцца трактара, дык ён практычна гатовы. Прыйшлося павазіцца з рамонтам рухавіка. З калегамі адрамантавалі яго сваімі сіламі, тым самым сэканомілі грошы прадпрыемства».
Ніводны рамонт трактароў і прычапных агрэгатаў у «Ляжнях» не абыходзіцца без газаэлектразваршчыка Сяргея Арапава. Зваршчыкам ён працуе ў гаспадарцы ўсяго год, і каб павысіць кваліфікацыю, пайшоў вучыцца на курсы на Віцебскі маторарамонтны завод.
Падчас пасяўной на палетках ААТ «Ляжні» будуць працаваць 12 трак-тароў. «Палова з іх ужо даведзена да ладу, – адзначыла начальнік участка Валянціна Яцко. – У адным МТЗ-82 трэба адрамантаваць рухавік, у МТЗ-1221 – каробку перадач. На многіх трактарах трэба памяняць шыны. Адрамантаваны ўсе тры раскідвальнікі мінеральных угнаенняў, два раскідвальнікі арганікі. Гатовы да работы два плугі, столькі ж рамантуецца. Гатова счэпка баронаў, другая даводзіцца да ладу. Рамонт у асноўным вядзём сваімі сіламі, механізатары малайцы, разбіраюцца ў тэхніцы і дапамагаюць адзін аднаму».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

