Рэспубліканскі патрыятычны працоўны праект «Зімні маршрут», прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, праходзіць з 27 студзеня па 9 лютага ва ўсіх абласцях. Мерапрыемствы арганізаваны на тэрыторыі 22 раёнаў рэспублікі.
У Віцебскай вобласці створаны атрад «Час першых» імя двойчы Героя Савецкага Саюза лётчыка-касманаўта А. А. Лявонава, а «Зімні маршрут» праходзіць праз Чашніцкі, Шумілінскі і Гарадоцкі раёны. У складзе атрада – студэнты ВНУ Віцебскай, Магілёўскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
29-30 студзеня «Зімні маршрут» праходзіў на тэрыторыі Шумілінскага раёна. Хлебам-соллю віталі байцоў студатрада на шумілінскай зямлі, першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева расказала гасцям пра раён.
Першы дзень байцы «Часу першых» прысвяцілі працоўным справам. Частка атрада накіравалася ў раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Фронт работы вызначаны, без лішніх слоў моладзь узялася за справу: адны фарбавалі дзверы, другія дэкарыравалі сцены. «Разам справа хутка робіцца, тым больш, калі дапамагаеш дзецям. Гэта заўсёды адказна і пачэсна», – ад-значылі валанцёры.
Другая частка студатрада адправілася на дапамогу адзінокім сталым жыхаркам райцэнтра Л. І. Сталіцынай і З. С. Марозавай. Маладыя людзі актыўна ўключыліся ў работу: выкалацілі ад пылу дываны і палавікі, памылі падлогу, насеклі шчапы, прыбраліся ў дрывотніку… Удзячныя гаспадыні шчыра дзякавалі за дапамогу.
Пасля працоўнага дэсанта студатрад накіраваўся на брацкія могілкі ў гарадскім парку, дзе байцы ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў хвілінай маўчання. Завяршыўся дзень таварыскай сустрэчай па валейболе ў СДЮШАР.
Другі дзень «Зімняга маршруту» быў не менш насычаным. У Мікіціхінскай СШ і Обальскай СШ байцы расказалі пра рэспубліканскі патрыятычны працоўны праект «Зімні маршрут» і студатрадаўскі рух у Беларусі. Для вучняў пачатковых класаў правялі майстар-класы «Чароўныя далоні», «Папяровыя цуды», «Чароўны свет эмоцый», «Магія творчасці», для пяці- і шасцікласнікаў – адукацыйны занятак «Па старонках Вялікай Айчыннай вайны», сямі- і васьмікласнікі ўдзельнічалі ў спартыўным мерапрыемстве «Хутчэй. Вышэй. Мацней». Пра атамную энергетыку расказалі вучням 9 класаў, пра студатрады – дзесяцікласнікам. Для выпускнікоў арганізавалі прафарыентацыйнае мерапрыемства «Мая будучая прафесія ва ўніверсітэтах роднага краю».
Крайняй кропкай «Зімняга маршруту» на Шуміліншчыне стала СШ №1, дзе байцы «Часу першых» паказалі канцэрт.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Аляксандр ШЭДЗЬКО.






