Сеем травы!
Не здзіўляйцеся, калі на днях на палетках сельгаспрадпрыемстваў раёна пабачыце трактары з сеялкамі. Гэта па азімых зерневых падсяваюць шматгадовыя травы. Тэхналогія апраўданая і правераная часам.
Хоць сёлета і невялікая снежная коўдра, але ж ахутвае палеткі, а падчас адлігі абагачае верхні слой вільгаццю. Так што канец лютага-пачатак сакавіка, калі прыгравае сонейка, – самы час падсяваць шматгадовыя травы, лічаць у ААТ «АграБаравінка».
«Мяркуем іх засеяць 600 гектараў, – кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Яўген Мурашка. – Такая ранняя сяўба апраўдана: глеба абагачаная вільгаццю, значыць, зярняткі хутка прарастуць. Акрамя гэтага, мы значна сэканомім час у прыпар. Сеем сумесь шматгадовых траў (канюшыну, цімафееўку, райграс, купкоўку). Пасля ўборкі зерневых травы набяруць яшчэ больш сілы, а на наступны год іх будзем убіраць на сянаж ці пасвіць на іх гурты кароў».
Сее шматгадовыя травы ў «АграБаравінцы» адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Сяргей Гоманаў, якога мы сустрэлі ва ўрочышчы Дубраўскія. У яго новы трактар МТЗ-1221.3. «У кабіне цёпла, а яшчэ сонца прыгравае – працую ў майцы, – усміхаецца механізатар. – Сонца іншы раз вельмі асляпляе, таму ўчора ўстаў а пятай гадзіне раніцы – і на палеткі, на сяўбу. Глеба месцамі ўжо добра-такі падтаяла, але падэшва яшчэ трымае. Адпаведна, не рэжыцца каляіна, не псуецца коламі асноўная культура. Зараз падсяваю шматгадовыя травы па трыцікале, дагэтуль працаваў ва ўрочышчы Багданава па азімай пшаніцы». За дзень С. Гоманаў засявае па 30-35 гектараў у дзень. Усяго на яго рахунку больш за дзвесце гектараў.
Да слова. Усяго па раёне трэба засеяць 4300 гектараў шматгадовых траў. Да работы прыступілі ўсе сельгаспрадпрыемствы, акрамя УП «Шумілінскі райаграсэрвіс». На раніцу 3 сакавіка было засеяна 1356 гектараў (31,5% да плана).
Ларыса ЗАЙЦАВА.

