«Кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць»
Сенатар, дэпутат, кіраўнік абласной службы ратавання Сяргей МЯЛЕШКІН з рабочым візітам напрыканцы мінулага тыдня наведаў Шумілінскі раён.
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Ушацкай выбарчай акрузе № 51, куды ўваходзіць тэрыторыя Мікалаеўскага сельсавета, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін сустрэўся з працоўнымі калектывамі Мікалаеўскага лясніцтва і Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Шумілінскага раёна і пагутарыў на тэму пажарнай і дэмаграфічнай бяспекі, развіцця рэгіёна і краіны, а таксама правёў асабісты прыём грамадзян у Мікалаеўскім сельскім выканаўчым камітэце.
Кіраўнік абласной службы ратавання паспрабаваў дастукацца да кожнага, паўплываць на свядомасць прысутных, каб кожны задумаўся пра свае паводзіны. Размова ішла не толькі пра тое, што кожны з нас павінен дакладна ведаць і выконваць простыя правілы бяспекі, але і пра тое, якая цана элементарнай бестурботнасці і нашага нежадання развітацца са шкоднымі звычкамі, якія практычна ў кожнай надзвычайнай сітуацыі становяцца галоўнай прычынай.
«З 24 загінуўшых на пажарах у вобласці з пачатку года 22 развіталіся з жыццём па сцэнарыі «выпіў-закурыў-загінуў», – прывёў сумную статыстыку Сяргей Мікалаевіч і агучыў вытрымкі з артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе сказана, што «кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы, клапаціцца пра захаванне ўласнага здароўя».
Пытанне, з якім падчас прыёму грамадзян у Мікалаеўскім сельвыканкаме да сенатара звярнуўся кіраўнік мясцовай фермерскай гаспадаркі, тычылася развіцця сельгаспрадпрыемстваў і цэнаўтварэння на сельгаспрадукцыю. Член Савета Рэспублікі паабяцаў данесці інфармацыю на самым высокім узроўні.
Алена КАРПУШЭНКА.


