Толькі ў сакавіку следчыя Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзілі тры крымінальныя справы па фактах кіберзлачынстваў: 7 сакавіка 57-гадовая жанчына пазбавілася 1150 рублёў; 17 сакавіка 67-гадовы мужчына пазбавіўся 2448 рублёў; 20 сакавіка 55-гадовая жанчына пазбавілася 6680 рублёў.
– У крымінальных справах злачынцы працавалі па адзінай схеме, – расказвае начальнік райаддзела Яўген Іваноў. – На ватсап тэлефануе «супрацоўнік кампаніі МТС», які паведамляе, што ваш тарыфны план – архіўны. Далей настойліва прапаноўваюць памяняць яго, папярэдне ўстанавіўшы дадатак. Установачны пакет высылаецца на ватсап і па месенджары чалавек кансультуецца, як яго правільна ўстанавіць. Пасля поўнай устаноўкі з банкаўскіх картак, прывязаных да смартфона, знікаюць грошы.
Зараз вядзецца расследаванне гэтых крымінальных спраў. Згодна з заканадаўствам злачынцы могуць пазбавіцца волі тэрмінам да трох год.
– Людзі, не вядзіцеся на розныя хітрасці тэлефонных злачынцаў, – звяртаецца да жыхароў раёна Яўген Іваноў. – Запомніце: супрацоўнікі кампаній мабільнай сувязі (банкаў, пракуратуры, міліцыі і г. д.) ніколі не тэлефануюць на ватсап ці іншыя месенджары. Убачыўшы невядомы нумар, проста не адказвайце на яго. Ну, а калі паднялі і пачулі, што неабходна перайсці па спасылцы ці перавесці грошы, або наогул даць свае персанальныя дадзеныя, то адразу завяршайце размову. Не дайце сябе падмануць!
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

