На гэтым тыдні надвор’е вырашыла аддаць сваю назапашаную цеплыню: кожны дзень упэўнена прыгравае красавіцкае сонца. Усё гэта спрыяе работам на палетках.
«Самы час сеяць. Зараз прыпар, – кажа дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” Аляксандр Глінскі. – Усе работы вядуцца зладжана: падрыхтоўка глебы (працуюць дыскатары і чызелі), унясенне арганікі і мінеральных угнаенняў. Спяшаемся, пакуль вільгаць не сышла. Тэрміны сяўбы для кожнай з зерневых культур маюць вялікае значэнне, бо з імі непарыўна звязаны рост і развіццё раслін. Сёлетняй вясной у параўнанні ад папярэдніх лягчэй працаваць, бо з восені ўзнялі 700 гектараў зябліва. Гэтым самым сэканомілі і вясенні час, і паліва. План сяўбы ранніх яравых зерневых – 700 гектараў. Акрамя зерневых і зернебабовых, будзем сеяць 400 гектараў кукурузы, частку яе плануем убраць на зерне для кармлення цялят».
Сяўбой яравых культур у гаспадарцы займаецца Мікалай Жыгуноў. За дзень засявае па трыццаць гектараў. Засеяў 130 гектараў яравой пшаніцы ва ўрочышчы Падазёркі, больш за 20 га аўсу ў Пятніцкіх, працаваў у Клінках, а на днях пераехаў на палеткі непадалёк ад вёскі Прыазерная на сяўбу зернебабовых. Трактар ідзе добра, пасяўны агрэгат шасцімятровы, расказаў Мікалай Жыгуноў. Норму высеву кантралюе камп’ютар, што стаіць у кабіне. Напрыклад, пшаніцы расходуецца 250 кілаграмаў на гектар. Паказвае камп’ютар і непаладкі, многія з іх Мікалай рамантуе самастойна. Кажа, што ў прыпар пасяўной самае галоўнае для механізатара – работа тэхнікі без збояў. З кожным днём фронт выкананых работ у «Прыазёрным міры» становіцца ўсё шырэй – на раніцу 17 красавіка засеяна 418 гектараў. Няхай і надалей надвор’е спрыяе сельскім працаўнікам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

