в КФХ «Родник довольны весенним стартом посевной

Сельское хозяйство

Вясеннім стартам у СФГ «Раднік» задаволены

Красавіцкую цішыню палеткаў каля вёскі Шэдзькі парушае гул трактароў СФГ «Раднік». Ва ўрочышчы каля самага берага Заходняй Дзвіны поўным ходам ідзе сяўба. Роўнае поле, па якім прайшла сеялка, ідэальна ўпісваецца ў ландшафт лесу і рэчкі.

Пешшу ідзём бліжэй да сярэдзіны поля, дзе працуюць механізатары. Зямля, нагрэтая сонцам, добра апрацаваная, сухая і мяккая. У такую пульхную глебу кладуцца дробныя зярняты белага баркуну. «Сяўба сёлета ідзе здорава, надвор’е як на заказ, – кажуць механізатары Валерый Шэдзько і Аляксандр Кандакоў. – На высокіх прыдзвінскіх палетках адсеялі баркун жоўты, зараз узяліся за белы. Перад гэтым палеткі ўгноілі калійнымі і азотнымі тукамі, так што ўраджай павінен быць добрым».

Валерый Шэдзько працуе на МТЗ-3022 з сеялкай трынаццаты год, а ўсяго ў гаспадарцы – тры дзясяткі гадоў. Крыху меншы стаж у Аляксандра Кандакова, які на МТЗ з баронамі рыхтуе глебу да сяўбы.

«Задаволены вясеннім стартам, галоўнае, што цёпла і суха, – кажа галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Гушча. – І хоць наперадзе яшчэ многа работы, не сумняваемся, што справімся ў тэрміны, бо нашы механізатары вопытныя. Акрамя бабовых траў мяркуем сеяць і злакавыя – 80 гектараў райграсу пашавага, па 45 гектараў фестулоліуму і цімафееўкі лугавой». Паколькі СФГ «Раднік» спецыялізуецца на вырошчванні траў, яны пойдуць на насенне. Яно пастаўляецца на «Віцебскнасентравы», а адтуль набываюцца сельгаспрадпрыемствамі як нашай вобласці, так і іншых.

Пасля таго, як адсеяць прыдзвінскія палеткі, мішкавіцкія механізатары пераедуць на больш ніжэйшыя – у Гусінцы і Макракі, якія падсыхалі ўвесь мінулы тыдзень. Механізатары і надалей будуць працаваць у тэмпе, бо ў сціслыя тэрміны трэба засеяць 300 гектараў яравых зерневых.

Згодна з дадзенымі раённай зводкі,  СФГ «Раднік» лідзіруе ў раёне па тэмпах сяўбы.  На раніцу 21 красавіка тут было засеяна  350 гектараў (61,9%) яравых культур  (раннія адсеяны поўнасцю).

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *