Делегация из Ярославской области посетила Шумилинский район в рамках вахты памяти по боевому пути Ярославской коммунистической дивизии

80 лет Великой Победы Общество

У нас агульная Перамога

 Шумілінскі раён не першы раз прымае гасцей з Яраслаўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, бо менавіта на нашай зямлі змагалася з нямецкафашысцкімі захопнікамі зімой 1943-1944 гг. Яраслаўская камуністычная дывізія (234-я Ламаносаўска-Пражская ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага стралковая дывізія).

Яраслаўская камуністычная дывізія (дывізія народнага апалчэння) была сфарміравана па рашэнні Яраслаўскага абкама партыі з жыхароў Яраслаўскай вобласці. У снежні 1943 дывізія прымала ўдзел у Гарадоцкай наступальнай аперацыі, пасля змагалася з ворагам у раёне вёсак Грабніца, Дворышча, Навасёлкі. У ходзе баёў панесла вялікія страты. У буйнейшым на тэрыторыі раёна воінскім пахаванні ў Дворышчы з 2582 пахаваных большасць складаюць байцы Яраслаўскай дывізіі.

Апошняя сустрэча адбылася на свята Першамая ў рамках міжнароднай акцыі «Вахта Памяці. Жменя зямлі». У склад яраслаўскай дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, духавенства, ветэраны, у тым ліку баявых дзеянняў ва Украіне, маці і члены сямей салдат, якія загінулі ці прапалі без вестак. Расійскіх гасцей сустракалі хлебам-соллю старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна.

Мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак да брацкіх могілак у гарадскім парку райцэнтра. Прысутныя ўшанавалі памяць воінаў хвілінай маўчання.

У раённым цэнтры культуры адбылася дыялогавая пляцоўка «У нас агульная Перамога». Кіраўнік раёна Сяргей Галынчык павіншаваў са Святам працы і надыходзячым Днём Перамогі, падкрэсліўшы, што яраслаўцы гераічна вызвалялі Шуміліншчыну ад ворага, таму гэтая Перамога заўжды будзе агульнай для нашых народаў. Сяргей Аляксандравіч выказаў упэўненасць у далейшым супрацоўніцтве нашых краін і рэгіёнаў і перадаў вітальны адрас кіраўніцтву Яраслаўскай вобласці.

Член рэгіянальнага савета Яраслаўскага аддзялення Саюза машынабудаўнікоў Расіі Аляксандр Сакалоў падзякаваў за памяць, павагу і клопат аб воінах-яраслаўцах, за цёплы прыём, падкрэсліў, што ў складзе дэлегацыі шмат маладых людзей, для якіх важна ўбачыць адносіны да падзей Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі. На памяць пра сустрэчу кіраўніку раёна ён перадаў кнігі гістарычнай і краязнаўчай тэматыкі.

Са слязамі на вачах паглядзелі ўдзельнікі мерапрыемства дакументальны фільм «У 16 хлапечых гадоў…», які расказвае пра подзвіг удзельнікаў обальскай камсамольскай падпольнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”. Пасля прагляду фільма адбыўся абмен думкамі па тэме сустрэчы.

Расійская дэлегацыя наведала Обальскі музей камсамольскага падполля і храм Ануфрыя Вялікага. Ва ўрочышчы Корна каля помніка на месцы зараджэння партызанскага руху на Шуміліншчыне святары разам з прысутнымі прачыталі малітву у памяць загінуўшых воінаў. Госці з задавальненнем частаваліся ячнай кашай і чаем, прыгатаванымі на палявой кухні, бярозавым сокам, спявалі песні ваенных часоў.

Апошняй кропкай стала вайсковае пахаванне ў вёсцы Дворышча, дзе адбыўся кароткі мітынг, на якім выступілі Мікалай Будневіч і Аляксандр Сакалоў. Тут, на месцы баявой славы, палітым крывёю воінаў-землякоў, яраслаўцы ўзялі жменю зямлі з брацкай магілы. Да помніка лёг вянок, а на пліты з імёнамі салдат — пунсовыя гваздзікі і цюльпаны. Перад ад’ездам расіяне цёпла развіталіся з мясцовымі жыхарамі, дзякавалі ім за парадак і догляд, за захаванне памяці пра подзвіг салдат Вялікай Айчыннай.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *