У аддзяленні сястрынскага догляду патушылі пажар
На гэтым тыдні на базе Шумілінскай ЦРБ прайшлі тактычна-спецыяльныя вучэнні
Па легендзе вучэнняў у выніку кароткага замыкання электраправодкі ў аддзяленні сястрынскага догляду цэнтральнай раённай бальніцы адбылося ўзгаранне з наступным распаўсюджваннем агню па іншых памяшканнях. Калідор, лесвічныя клеткі моцна задымленыя. У аддзяленні знаходзяцца пацыенты і медперсанал.
Удзельнікі вучэнняў паспяхова справіліся з задачамі.
Атрымаўшы інфармацыю пра інцыдэнт, да месца здарэння выехала 5 баявых машын (першы аўтамабіль з’явіўся на тэрыторыі бальніцы праз 4 хвіліны), быў разгорнуты аператыўны штаб, які ўзначаліў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч. Дзякуючы скаардынаваным і аператыўным дзеянням удзельнікаў трэніроўкі ўмоўны «пажар» быў ліквідаваны, ён не распаўсюдзіўся на іншыя паверхі, эвакуацыя «пацярпелых» была праведзена з трох умоўных месцаў.
– Мэта правядзення такіх вучэнняў– павышэнне ўзроўню прафесіяналізму ратавальнікаў, дэталёвае вывучэнне пажарна-тэхнічных характарыстык аб’ектаў і адпрацоўка бяспечнага вядзення работ пры пажары. Акрамя гэтага, вучэнні даюць магчымасць адпрацаваць узаемадзеянне персаналу аб’ектаў і экстранных службаў у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый. З пастаўленай задачай удзельнікі справіліся паспяхова, – падвёў вынік начальнік РАНС Андрэй Сасновіч.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.






