«Рады дапамагчы суседзям»
А палове сёмай раніцы механізатары ААТ «Прыазёрны мір» ужо на мехдвары. Заводзяць трактары і прыступаюць да работы.
Асноўны клопат на палетках – нарыхтоўка кармоў. Трэба скасіць першым укосам 1350 гектараў травы. Таму механізатары з ранку да дзевяці гадзін вечара шчыруюць на палетках.
Па дарозе ва ўрочышча Гародна сустракаемся з в. а. дырэктара гаспадаркі Дзмітрыем Маркіянавым. Ён расказаў, што ў гаспадарцы дзве праблемы: ліюць дажджы і не хапае тэхнікі. З апошняй спраўляюцца дзякуючы сяброўскаму плячу, маецца на ўвазе дапамозе суседніх гаспадарак. А вось на надвор’е ніяк не паўплываеш, прыходзіцца весці касавіцу выбарачна.
На корманарыхтоўцы дружна працуюць механізатары ААТ «Прыазёрны мір» і «АграБаравінка». «Прыехаў на КВК-800 дапамагаць суседзям, – расказаў механізатар “АграБаравінкі” Сяргей Гоманаў. – Падбіраю за дзень прыкладна дзвесце тон травы. Са мной прыехаў на прарыў Максім Цітоў на МТЗ, ён працуе на адвозцы. Мы рады дапамагчы суседзям, але неўзабаве паедзем на свае палеткі».
На думку механізатараў Мікалая Жыгунова і Валерыя Харкевіча, якія адвозяць здробненую масу да сянажнай траншэі, травы сёлета выраслі нядрэнныя. Асабліва ўрадзіла на тых участках, дзе была падсеяна канюшына. Калі з нарыхтоўкай сенажу хоць і не так хутка, як хацелася б, але спраўляюцца, то з сенам пакуль складана, бо амаль кожны дзень ідуць дажджы. Таму кіраўніцтва гаспадаркі мае на Валерый Харкевіч, Сяргей Гоманаў, Мікалай Жыгуноў мэце пазычыць у СУП “Лаўжанскае” на некалькі дзён прэс-падборшчык з вакуумнай плёнкай, каб нарыхтаваць сянаж. У плёнцы ён атрымліваецца вельмі карысным для жывёлы, бо захоўваюцца ўсе вітаміны.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

