Косяць канюшыну, на падыходзе – баркун
СФГ «Раднік» з года ў год нарыхтоўвае ўдосталь кармоў і круглы год не здае пазіцый па надоях малака. І справа не толькі ў чалавечым фактары, але і ў якасці сенажу.
Механізатары СФГ «Раднік» – адны з лідараў па касьбе траў у раённай зводцы. На 1 ліпеня ў гаспадарцы скасілі 675 га (67,5% да плана). Зараз косяць канюшыну, на падыходзе баркун, расказалі механізатары Анатоль Карнякоў і Аляксандр Лапавухаў. Анатоль працуе з касілкай, а Аляксандр вось ужо шосты сезон – на кормаўборачным камбайне.
Галоўны аграном Андрэй Гушча дадаў, што кармы ў «Радніку» заўсёды збалансаваныя па вітамінах і мінералах, бо выкарыстоўваюцца розныя травы. Так, баркун багаты на бялок, садзейнічае паляпшэнню стрававання жывёлы, павышае апетыт і лактацыю ў кароў. Добрымі харчовымі якасцямі валодаюць галега ўсходняя і канюшына. Гэтыя травы ў сянажнай траншэі перамешваюцца са злакавымі – аўсяніцай трысняговай, цімафееўкай, кастрацом, якія багатыя на цукар. У выніку атрымліваюцца смачныя і карысныя для жывёлы кармы. Стратэгія і тактыка гаспадаркі – вырошчваць выгадныя культуры, працаваць з прыбыткам.
Ларыса КІСЯЛЁВА.

