У жыхароў раёна перыядычна ўзнікае пытанне рамонту пад’ездаў. Асабліва гэта тычыцца тых шматпавярховак, дзе рабіўся капітальны рамонт дома.
– Зараз рамонт пад’ездаў, за выключэннем тэхнічных памяшканняў, робіцца поўнасцю за кошт жыхароў, – пачала размову намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Карпава. – Плаціць неабходна за ўсе аддзелачныя работы, такія, як расшыўка швоў, заладка трэшчын, выбоін, асобных участкаў сцен пад’ездаў, аднаўленне тынкоўкі і абліцоўкі сцен і столяў, выроўніванне іх, аднаўленне і ўмацаванне ляпных дэкаратыўных дэталяў, заладка выбоін і трэшчын у цэментных ці бетонных падлогах, работы па рамонце і замене пакрыццяў падлог. У гэтым жа пераліку – і ўсе віды малярных работ, у тым ліку афарбоўка сцен, столяў, вокнаў і дзвярэй, трубаправодаў, ацяпляльных прыбораў, паштовых скрынь, рашотак, поручняў.
Падставамі для вызначэння неабходнасці рамонтных работ у пад’ездах з’яўляюцца:
– нездавальняючы тэхнічны і эстэтычны стан структурных элементаў пад’езда і абсталявання (выбоіны, расколіны, адслаенне фарбы і пакрыцця, тынкоўкі, наяўнасць несанкцыянаваных надпісаў і г. д.);
– перыядычнасць правядзення работ па бягучым рамонце.
Матэрыялы і каляровую гаму падчас рамонту пад’ездаў выбіраюць жыхары. Калі грамадзяне не змаглі прыйсці да адзінай высновы, то фінішны матэрыял і каляровая гама павінны быць падобныя на існуючыя. Аб’ём рамонтных работ вызначаецца ў адпаведнасці з дэфектным актам. Зыходзячы з яго, складаецца каштарыс на рамонтна-будаўнічыя работы. Памер платы за рамонт разлічваецца ў частках, прапарцыянальных агульнай плошчы кватэры. Кошт рамонту пад’езда ўключаецца ў жыроўку.
Але жыхары пад’езда самі могуць зрабіць рамонт. І гэта найбольш аптымальны варыянт. Так, у 2024 годзе ў Шуміліне былі адрамантаваны 23 пад’езды, у гэтым годзе – 6, і ўсюды рамонтныя работы рабіліся сіламі саміх жыхароў. Як паказвае практыка, такі рамонт атрымліваецца больш танным.
Па гэтым шляху пайшлі жыхары дома № 44 па вуліцы Прыазёрнай у аграгарадку Слабада. Заходзіш у пад’езд – яркія фарбы, люстэрка, кветкі. Склалася ўражанне, што рамонт тут зроблены нядаўна. Пра тое, як рабілі рамонт у пад’ездзе, расказаў жыхар дома Уладзімір Ляпёшкін:
– Рамонт мы зрабілі 6 (!) год назад. У нас у пад’ездзе 4 кватэры. Жывём тут больш за 20 год. Сябруем. Неяк увечары сабраліся разам і вырашылі зрабіць прывабным свой пад’езд. Набылі фарбы. Месяцы за тры справіліся. Што па грашах? Рамонт па кішэні не ўдарыў, сума атрымалася невялікая, работы дык і наогул бясплатныя. Летась звярнуліся ва УП ЖКГ з просьбай замяніць акно ў пад’ездзе. Замянілі. Сёлета акно, а разам з ім і ўваходныя дзверы пафарбуем. Зрабілі самі – і захоўваем у добрым стане, бо зробленае ўласнымі рукамі найбольш каштоўна.
Гадавы план рамонту пад’ездаў на 2025 год размешчаны на сайце райвыканкама ў падраздзеле «жыллёва-камунальная гаспадарка» раздзела «эканоміка». Калі канкрэтны пад’езд уключаны ў план, то бягучы рамонт робіцца незалежна ад згоды або нязгоды жыхароў. Варта падкрэсліць, што адмова заключыць пагадненне з абслугоўваючай арганізацыяй не вызваляе грамадзян ад кампенсацыі за праведзеныя работы.

