Смерть на пожаре в деревне Победа Шумилинского района: подробности от Следственного комитета

Закон Общество Происшествия

Алкаголь, рэўнасць і бяздумнасць перамяшаліся ў гэтай драматычнай гісторыі, вынікам чаго стала смерць чалавека.

Трагедыя здарылася 25 чэрвеня ў вёсцы Пабеда. Аляксандр (імёны зменены па этычных меркаваннях) прыехаў з заробкаў і адразу вырашыў адсвяткаваць свой прыезд. Жадаючыя знайшліся адразу – Максім з сужыцелькай Аленай. Утрох накіраваліся да мясцовай крамы, дзе і набылі віно. Да кампаніі далучыліся яшчэ двое мясцовых – Ігар і Дзяніс.

Надвор’е было добрае, вырашылі пасядзець каля паўразбуранага дома. Так да вечара кампанія і гуляла, пакуль п’яным гутаркам не пачалі перашкаджаць камары. Тады Аляксандр запрасіў да сябе ў госці. Віно лілося ракой, ніякіх спрэчак не было – усё ціха і спакойна. Вось Максім з Аленай пайшлі дамой, потым Дзяніс. Ігар не ў стане быў пайсці дадому, вось і застаўся на начлег у Аляксандра.
«Максім прачнуўся ўначы – Алены няма, – расказвае часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Кацярына Каяновіч. – Палічыў, што збегла да Ігара».

Усё, што адбывалася далей, не паддаецца ніякай логіцы… Максім апрануўся і пайшоў у дом да Аляксандра. Зайшоў на веранду, падпаліў сурвэтку на камодзе і пайшоў дадому.
– У дом я не заходзіў, – расказваў на допыце Максім. – Думаў, пачуюць дым, устануць, і Алена вернецца да мяне.

А агонь тым часам распаўсюджваўся… Каля чатырох гадзін раніцы падлеткі, якія праходзілі міма, убачылі палаючы дом і патэлефанавалі ў службу ратавання 101. У адным з пакояў ратавальнікі знайшлі цела Ігара без прыкмет жыцця, у суседнім – гаспадара дома, які знаходзіўся без прытомнасці. Апошняга ўдалося выратаваць – яго вынеслі на вуліцу і перадалі медыкам, ён шпіталізаваны ў бальніцу.
Пакуль ратавальнікі тушылі пажар, Максім спаў, Алена таксама (як аказалася, яна проста выйшла падыхаць свежым паветрам…). Ідылія, а ў другім доме, дзе пабываў раўнівец, – трагедыя.

Супраць Максіма ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне і знішчэнне чужой маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З санкцыі пракурора да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Згодна з заканадаўствам ён можа пазбавіцца волі тэрмінам да 12 гадоў.

Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *