Экологический студотряд начал работать в Шумилинском лесхозе

Главное Молодёжь Общество

«ЭКАМІР»:  з  клопатам  і  любоўю  да  прыроды

1 ліпеня ў Шумілінскім раёне пачаў работу яшчэ адзін студатрад – «Экамір» імя Героя Савецкага Саюза Д. М. Мінчугова» на базе Шумілінскага лясгаса.

10 дзяўчат і двое хлопцаў з шумілінскіх СШ № 1 і СШ № 2 штодня прыязджаюць у лясны гадавальнік у Полцева. Іх рукі, больш прывычныя да мабільных тэлефонаў, цяпер асцярожна вызваляюць сеянцы ад пустазелля. Пасля некалькіх дзён працы кожны студатрадавец усвядоміў, што дае жыццё новаму лесу, а гэта больш важна і карысна, чым лайкі ў інтэрнэце.

«У першы дзень было цяжка, – прызнаецца Ягор Букаў, які закончыў 10 клас, – а зараз прызвычаіліся. Не зусім верыцца, што з гэтых маленькіх сеянцаў, якія мы полем, праз дзесяцігоддзі вырастаць магутныя дубы ці прыгожыя елкі».

Падабаецца праца і Анастасіі Окуневай, якая сёлета збіраецца паступаць у адзін з каледжаў Віцебска: «Як тут ціха і спакойна! Хочацца крыху і грошай падзарабіць».

А вось Вікторыя Лейчанка, выпускніца СШ № 2 г. п. Шуміліна, у «Экаміры» другі раз:

– Летась у студатрадзе «Экамір» зарабіла каля 700 рублёў. Сёлета па мэтавым дагаворы паступаю ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, у панядзелак, 7 ліпеня, здавала іспыты. Работа ў гадавальніку не складаная. І лішнімі грошы перад вучобай не будуць.

Майстар гадавальніка Уладзімір Арлоў адзначае, што летам на аб’екце работы шмат. «Паглядзіце, якое надвор’е. Цёпла і дажджы – тое, ад чаго пустазелле хутка расце, – кажа Уладзімір Антонавіч. – Таму дапамога студатрадаўцаў вельмі дарэчы. Яны ўжо займаліся праполкай сеянцаў елкі, сасны і дуба. Пытанняў па якасці праполкі практычна не ўзнікала. Калі будуць і далей працаваць у такім тэмпе, то пад тысячу рублёў павінны зарабіць.

Студатрад «Экамір» будзе працаваць у полцеўскім гадавальніку да канца месяца.

Аляксандр ШЭДЗЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *