Прасілі падзякаваць пошце

Пытанні гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання, рамонту дарог і выдалення аварыйных дрэў узнімалі жыхары населеных пунктаў Сіроцінскага сельсавета падчас сустрэч з насельніцтвам рабочай групы на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам.
На сходах кіраўнік райсавета расказваў пра падзеі ў раёне, нагадваў вяскоўцам пра неабходнасць своечасова абкошваць і трымаць падворкі ў парадку. Старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Аксана Шынкевіч дадавала, што самы час заняцца рамонтам печак – паклапаціцца пра бяспеку ў халодную пару. Прадстаўнік ТЦСАН расказвала пра сацыяльныя паслугі, якія аказвае цэнтр.
Дзень работы з насельніцтвам пачаўся ў вёсцы Зямцы, дзе вяскоўцы сабраліся каля дома старэйшыны Івана Апоркіна. Яны гаварылі на розныя тэмы, дзяліліся праблемамі і радасцямі. Старэйшына вёскі звярнуў увагу на яркую пафарбаваную сметніцу на аўтобусным прыпынку: “Я ўжо стаміўся кожны дзень падбіраць смецце пад ёй. Вадзіцелі спыняюцца, выкідаюць смецце, а яно правальваецца, бо ў сметніцы прагніла дно. Звонку прыгожа, а што дна няма – дарожнікаў з ДЭУ‑36 не хвалюе”. Вяскоўцы паскардзіліся на асартымент аўтамагазіна Віцебскага спажыўтаварыства.

Дарэчы, гэтае пытанне было адным з самых вострых, бо яго ўзнімалі практычна ў кожнай вёсцы. Толькі ў Філіпенках і Грабніцы казалі, што яны больш актыўна карыстаюцца аўтамагазінам “Ганны”, які рэгулярна наведвае вёскі. Скардзіліся на тое, што часам прывозяць пратэрмінаваныя тавары ці тавары, да заканчэння тэрміну якіх застаецца літаральна пара дзён. Перыядычна адсутнічаюць хлеб ці цукар, запалкі ці малочная прадукцыя, асабліва на канцах маршрутаў.
А вось мабільныя паштовыя аддзяленні хвалілі: і асартымент добры, і прадукцыя свежая, і па заказу дастаўляюць неабходныя тавары. А ў вёсках Грабніца, Новазаронава, Чысці прасілі выказаць удзячнасць аператару сувязі Вользе Воранавай за яе ветлівасць і ўважлівасць.
Шмат крытыкі было ў адрас мабільнага ФАПа. Жыхары вёсак скардзіліся на адсутнасць графіка руху па часе. Калі раней на машыне ездзіла мясцовы фельчар, якая ведала кожнага свайго пацыента і абавязкова заязджала да іх, то зараз такога няма. “Не будзеш жа сядзець увесь дзень і чакаць машыну. Хаця б прыблізны час прыезду можна друкаваць у раёнцы? А калі на прыпынку нікога няма, то ФАП не спыняецца і не чакае”, – абураліся вяскоўцы ў Чысцях, Грабніцы, Новазаронаве.
Адна з жыхарак падняла і пытанне аналізаў, якія бяруць у мабільным ФАПе: “Узялі кроў на аналіз, а калі я паехала ў паліклініку, то ўрач не знайшоў ніякіх вынікаў, трэба было здаваць зноў. Дык для чаго тады бярэ аналізы гэты ФАП?”
Адказваючы на пытанне па якасці вады ў Сіроціне, старшыня раённага Савета дэпутатаў паведаміў, што ў сувязі з рэарганізацыяй гаспадаркі ўсе водаправодныя сеткі будуць перададзены водаканалу, і парадак на станцыі абезжалезвання будзе наведзены.
Былі пытанні аб зносе аварыйных дрэў на могілках ці ў населеных пунктах. Даваліся тлумачэнні, у якіх выпадках дрэвы зносіць УП ЖКГ, а калі трэба будзе плаціць людзям.
У Філіпенках і Грабніцы паскардзіліся на тое, што на аўтобусным прыпынку несумленныя грамадзяне выкідваюць мяшкі са смеццем. Яны заўважылі, што смецце збіраюць у рабочыя дні, і некаторыя дачнікі, якія прыязджаюць толькі на выхадныя, такім чынам пазбаўляюцца ад смецця.
Мікалай Будневіч разам з дырэктарам УП ЖКГ Аляксеем Шпакавым, які прысутнічаў на сустрэчы, дамовіліся правесці эксперымент: на дачны сезон арганізаваць збор смецця ў суботу ці нядзелю. Шэраг пытанняў тычыўся невялікага рамонту дарог: трэба засыпаць асобныя ямкі, якія ўтварыліся на грунтавых дарогах, ці праехаць грэйдарам.
Некаторыя пытанні насілі асабісты характар. Яны былі запісаны ці па іх дадзены тлумачэнні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



