Шумилинский РОЧС в лицах: Евгений Танана – старший инструктор по вождению, водитель пожарной автолестницы

Безопасность Главное Молодёжь Общество Семья

Скарае новыя вышыні

«Папа, а пакажы, як працуе рацыя, а можна патрымаць яе ў руках», – просіць пяцігадовы Цімафей, «папа, а пакатаеш на сваёй машыне», – не адстае чатырохгадовы Цімур. Пакуль што ў сыноў Яўгена Танана ў адрозненне ад таты толькі дзіцячыя пажарныя машыны, і яны не ведаюць, кім стануць у дарослым жыцці. Але вельмі высокая верагоднасць, што яны звяжуць сваё дарослае жыццё са службай ратавання, бо перад вачыма ў іх вельмі яскравы прыклад адданай службы і сапраўднай улюблёнасці ў прафесію.

Шлях у раённую службу ратавання ў хлопца з гарадскога пасёлка Варапаева Пастаўскага раёна праходзіў праз каледж і атрыманне прафесіі муляра-бетоншчыка, работу на Варапаеўскім дрэваапрацоўчым камбінаце, службу ў арміі, вучобу ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, дзе вывучыўся на інжынера-механіка.

Лёсавырашальным стала знаёмства ў 2013 годзе з нашай Аляксандрай, жыхаркай вёскі Мікалаева, якая на той час вучылася ў Полацкім медыцынскім каледжы. Праз тры гады сустрэч маладыя распісаліся ў Шумілінскім загсе (Аляксандра па размеркаванні працавала загадчыцай Мішкавіцкага ФАПа, зараз працуе ў ЦРБ памочнікам урача). Так хлопец апынуўся на Шуміліншчыне… Так Шуміліна стала домам, другой радзімай.

 

Амаль пяць год Яўген Танана працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях старшым інструктарам па ваджэнні пажарнай машыны-вадзіцелем. У яго непасрэдным распараджэнні – пажарная 30-мятровая аўталесвіца, пры неабходнасці працуе на замене і кіраваў усёй спецтэхнікай, якая ёсць у шумілінскіх ратавальнікаў. Між іншым, допуск да кіравання такімі аўтамабілямі атрымліваюць вадзіцелі, якія прайшлі падрыхтоўку, стажыроўку і адпаведныя выпрабаванні. Яўген усе гэтыя этапы ў Гомелі і Барысаве прайшоў паспяхова. Як, дарэчы, і выпрабаванні агнём.

«Служба ў РАНС для мяне – гэта з аднаго боку высокая адказнасць, з другога – стабільнасць, годны заробак і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, – адзначыў ратавальнік. – І сёння я шкадую толькі аб адным: што згубіў 8 год свайго жыцця, працуючы ў іншых сферах дзейнасці». Хаця, магчыма, для таго, каб прыйсці ў службу 101 і ацаніць усе плюсы і выгоды, і зразумець, што нарэшце знайшоў справу па душы, і быў неабходны іншы вопыт. І Яўген вельмі ўдзячны свайму сябру, які параіў яму пайсці на работу ў пажарную службу.

Два з паловай года сям’я Танана жыве ў арэнднай кватэры ў новабудоўлі ў мікрараёне Брыкет, якую выдзелілі па хадайніцтве кіраўніцтва аддзела, і вельмі задаволена гэтым. Гаспадар паспеў прыкласці свае залатыя рукі, каб надаць жыллю больш камфорту і ўтульнасці. Залатыя рукі спецыяліста вельмі прыйшліся дарэчы і любімаму аддзелу, дзе за апошні час з яго непасрэдным удзелам зроблены добры рамонт памяшканняў, падтрымліваецца ва ўзорным парадку тэрыторыя.

«З прапаршчыкам Яўгенам Танана можна і ў агонь, і ў ваду, – кажа пра свайго падначаленага начальнік РАНС Андрэй Сасновіч. – Талковы, дысцыплінаваны, лёгка ўліўся ў калектыў, адказна адносіцца да сваіх абавязкаў, праяўляе выдатныя прафесійныя якасці. Паболей бы нам такіх работнікаў».

А ў званні прапаршчыка ён апошнія гадзіны, ёсць загад кіраўніцтва, згодна з якім Яўгену Танана датэрмінова прысвоена чарговае званне. Заслужыў.

Алена КАРПУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *