Свята прафесіі. Ветлівыя, вопытныя, уважлівыя
Напэўна, адна з самых камунікабельных прафесій – прафесія прадаўца. Кожны дзень перад імі праходзіць шмат пакупнікоў, кожнаму з іх трэба не проста прадаць тавар, але і падказаць, даць кансультацыю, дапамагчы з выбарам.
Адзін з любімых магазінаў жыхароў райцэнтра і наогул раёна – «Прадукты» прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Тамара-гандаль». Гэта адзіны магазін у Шуміліне, які працуе з сямі гадзін раніцы (без выхадных і да 22 гадзін). Усе ведаюць, што тут прадукты заўсёды свежыя і з мінімальнымі нацэнкамі. Гэта, напэўна, галоўны аргумент папулярнасці. За дзень у магазіне абарочваецца больш за тысячу пакупнікоў. Перад святамі ў магазіне ўвогуле ажыятаж.
У кожным з чатырох аддзелаў (малочны, хлебабулачны, бакалея, рыбны) заўсёды ёсць пакупнікі. І ім прыйшлося хвілінку пачакаць, пакуль мы сфатаграфуем прадаўцоў. «Дзяўчаты дастойны ўхвальнага слова – заўсёды ветлівыя і ўважлівыя», – заўважыла адна з пакупніц. А яшчэ вопытныя. Так, Жанна Герасімава, Вікторыя Канавалава, Вольга Уласянкова, Таццяна Красіцкая працуюць з моманту адкрыцця магазіна – ужо 19 гадоў. Марыя Бурлакова ўладкавалася сюды 8 гадоў таму, Святлана Зуева – 5 гадоў таму. Задаволены дружным калектывам магазіна, умовамі працы, заробкам. Усіх пакупнікоў сустракаюць з добрым настроем і ўсмешкай.
«Мы працуем больш як з 90 пастаўшчыкамі, – расказала бухгалтар Тамара Палякова, якая таксама працуе тут з дня адкрыцця магазіна. – Малочную прадукцыю прывозяць з «Бабулінай крынкі», «Беллакта», Пастаўскага і Полацкага малочных камбінатаў, «Савушкіна прадукта». Мясныя і каўбасныя вырабы – з Брэсцкага, Віцебскага, Бярозаўскага мясакамбінатаў, «Вітконпрадукта». Супрацоўнічаем з рознымі гандлёвымі базамі гарадоў краіны. Сярод новых пастаўшчыкоў – Глыбоцкі малочнакансервавы завод. Штогод павялічваем аб’ёмы продажу прыкладна на 10%. У магазіне можна купіць прадукты на розны густ. Заўсёды ёсць выбар гародніны і садавіны. Улічваем пажаданні як сталых людзей і сярэдняга ўзросту, так і маленькіх пакупнікоў. Супрацоўнічаем з шумілінскім прыватным прадпрыемствам “НарэкГандаль” – бяром у дзень па 800 свежых булачак, якія разыходзяцца на ўра. Працуем і па безнаяўным разліку – цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна заказваў у нас прадукты для аздараўленчага лагера ў Лескавічах».
Працуюць ў магазіне і па папярэдніх заказах. Гэта ў асноўным торты з рознымі надпісамі і ўзорамі да сямейных святаў, юбілеяў. Іх прывозяць з Віцебска і Бабруйска.
Дырэктар ПУП «Тамара-гандаль» Алена Трошка прасіла павіншаваць калектыў магазіна з надыходзячым прафесійным святам, падзякаваць за добрую работу і пажадаць усім здароўя, дабрабыту і поспехаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
На здымку: Жанна Герасімава, Вікторыя Канавалава, Марыя Бурлакова, Вольга Уласянкова, Святлана Зуева, Таццяна Красіцкая.

