17 сортов сыра — шумилинские сыроделы наращивают объёмы продукции

#НАШЕ ЛУЧШЕЕ #НАША ЛЕПШАЕ Главное Новости Экономика

17 гатункаў сыроў – шумілінскія сыраробы шумілінскія сыраробы нарошчваюць аб’ёмы

Шумилинские сыры, Шумилино

Шумілінскі вытворчы цэх  ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» працуе роўна і рытмічна, з кожным годам павялічвае аб’ёмы выпуску прадукцыі. Зараз наладжаны выпуск 17 гатункаў сыроў, на падыходзе яшчэ адзін.

«За студзень-чэрвень перапрацавалі 14240,47 тоны малака, за такі ж перыяд мінулага года – 10260,105 тоны, – расказала інжынер-тэхнолаг прадпрыемства Таццяна Голубева. – Сёлета вырабілі прадукцыі 1241,216 тоны, што на 35,8% больш мінулагодняга паказчыка». Самым плённым быў чэрвень – перапрацавалі 2620,2 тоны малака, вырабілі 230,1 тоны сыроў (у лютым, для параўнання, гэтыя паказчыкі былі такія: 2158,2 тоны малака, 182,8 тоны сыру). Лічбы сведчаць пра рытмічную работу цэха. Тут створаны добрыя ўмовы працы, прадугледжаны сацыяльныя гарантыі, работнікі маюць годныя заробкі. З пачатку года ў цэх уладкаваліся 8 чалавек.

З мясцовых гаспадарак сыравіны для цэха дастаўляецца за дзень па 15 тон, а ўсяго прадпрыемству патрэбна 90 тон. Астатняе малако прывозяць з фермаў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі і “Мазалавагазу”. Уся сыравіна старанна правяраецца – улічваецца працэнт тлустасці, якасць бялку, сухіх рэчываў і многія іншыя паказчыкі, ад якіх залежаць смак, кансістэнцыя і водар сыроў.

У цэху пастаянна абнаўляецца абсталяванне, мадэрнізуецца вытворчасць, многае робіцца для паляпшэння якасці прадукцыі, добрага яе захоўвання. Так, усталяваны маразільная скрыня для захоўвання заквасак, халадзільныя камеры – для ферментаў. Ёсць новы тэстар герметычнасці, якім правяраецца якасць упакоўкі, закуплены сталы са спецыяльным пакрыццём, якое адпавядае вытворча-санітарным патрабаванням. Набыты новы электрапагрузчык, з дапамогай якога кантэйнеры з сырам ставяцца ў тры ярусы. Усе аўтамабілі, якія заязджаюць на тэрыторыю, праходзяць праз новы арачны дэзынфекцыйны бар’ер, гэта значыць, апрацоўваюцца спецыяльным сродкам – ніводная бактэрыя ў цэх не трапіць. Ды і мыйка малакавозаў зараз аўтаматычная, больш якасная.

Сучаснае абсталяванне, якое ёсць на заводзе, дазваляе не толькі выпускаць ранейшыя гатункі, але і асвойваць новыя. Так, у гэтым годзе пабачылі свет паўцвёрдыя сыры “эдам”, “цільзіцер”, “кальята” (45% тлустасці), “расійскі малады” (50% тлустасці), цвёрды сыр “пармезан класічны”. Усяго ў цэху зараз выпускаюць 17 гатункаў, сыраробы працуюць у тры змены. Неўзабаве з’явіцца яшчэ адзін гатунак – “стары манах” (паўцвёрды сыр з дабаўленнем таплёнага малака). Таму патрэбны дадатковыя рабочыя рукі – на работу гатовы прыняць яшчэ некалькі сыраробаў.

Шумілінскія сыры пад брэндамі “Ян Сырароб” і “Альгерд” прадаюцца не толькі ў магазінах розных гандлёвых сетак Беларусі, але і ідуць на экспарт у Расію. А вось у Шуміліне не ва ўсіх магазінах можна купіць прадукцыю. Кіраўніцтва завода абяцае ў канцы года адкрыць у райцэнтры фірменны магазін ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод», дзе будзе прадстаўлена ўся лінейка прадукцыі шумілінскіх сыраробаў і верхнядзвінскіх. З месцам размяшчэння магазіна пакуль не вызначыліся.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *