Вопросы развития малого и среднего предпринимательства в Шумилинском районе рассматривали на заседании президиума районного Совета депутатов

Власть Главное Экономика

Палова паступленняў у бюджэт – за бізнесам.  Як развіваецца малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў раёне

На 1 студзеня 2025 года ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб зарэгістраваны 293 суб’екты гаспадарання, з іх 102 арганізацыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (9 сярэдніх, 7 малых, 86 мікраарганізацый), 191 індывідуальны прадпрымальнік. За першае паўгоддзе зарэгістравана 8 новых арганізацый і 20 індывідуальных прадпрымальнікаў. Суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва дзейнічаюць практычна ва ўсіх галінах эканомікі раёна. Гэта істотны рэзерв развіцця эканомікі, напаўнення бюджэту, павышэння дабрабыту жыхароў раёна.

Як развіваецца малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў раёне, з якімі праблемамі сутыкаюцца прадстаўнікі бізнесу ў сваёй дзейнасці, як дапамагаюць раённыя ўлады, – гэта і стала галоўнай тэмай для абмеркавання ўдзельнікаў пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй Савета Мікалаем Будневічам і з удзелам старшыні райвыканкама Сяргеем Галынчыкам.

Аналіз спраў у малым і сярэднім прадпрымальніцтве раёна зрабіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан. Што тычыцца падаткаў, за 1 паўгоддзе суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва выплачана плацяжоў у бюджэт у суме 9034,3 тыс. рублёў (тэмп росту ў фактычных цэнах – 104,1%). Доля ўдзелу ў фарміраванні бюджэту дадзенай катэгорыі даволі ўнушальная і значная – 49,6%.

Асноўную долю плацяжоў у бюджэт (65,6% і 17,5% адпаведна) выплацілі арганізацыі, якія ажыццяўляюць вытворчую дзейнасць і будаўніцтва. Індывідуальнымі прадпрымальнікамі выплачана ў бюджэт 367,5 тыс. рублёў, тэмп росту склаў 63,4%.

У разрэзе відаў дзейнасці арганізацый-суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу асноўную долю (34%) займаюць арганізацыі, якія ажыццяўляюць аптовы і рознічны гандаль (36 арганізацый), у сельскай гаспадарцы занятыя 19 арганізацый (18,6%); у сферы грузапасажыраперавозак – 16 арганізацый (15,7%); вытворчай дзейнасцю займаюцца 12 арганізацый (11,8%); будаўніцтвам – 6.

Сфера дзейнасці суб’ектаў МСП у апошнія гады значна пашыраецца, рэгіструюцца новыя віды дзейнасці: камп’ютарнае праграмаванне, дзейнасць у галіне права і г. д. Разам з тым слаба развіваецца прадпрымальніцтва ў сферы бытавых паслуг, жыллёва-камунальных паслуг, будаўніцтва. Ёсць рэзервы па развіцці аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, будаўніцтве станцый тэхабслугоўвання, арэндзе аўтамабіляў. Крайне недастаткова прадстаўлена сфера аграэкатурызму (2 плацельшчыкі).

Высокая доля індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не ажыццяўляюць дзейнасць. На 1 ліпеня 71 ІП з’яўляецца неактыўным, не працуюць больш за 36 месяцаў 9 ІП, больш за 24 месяцы – 27 ІП. У стадыі ліквідацыі знаходзіцца 31 юрыдычная асоба, 27 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Сярэдняя колькасць работнікаў прадпрыемстваў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на 1 студзеня 2025 года склала 1972 чалавекі (31,6% да насельніцтва, занятага ў эканоміцы раёна).

Намінальная налічаная зарплата работнікаў МСП на 1 студзеня 2025 года складала 1330 рублёў. Улічваючы той факт, што сярэдняя намінальная налічаная зарплата па раёне складае 1650,9 рубля, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч звярнуўся да аддзела эканомікі з просьбай разабрацца з прычынамі адставання ў памерах зарплаты работнікам арганізацый МСП.

Трэба адзначыць, што значную  ўдзельную вагу суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва маюць у шэрагу эканамічных паказчыкаў развіцця раёна. У 2025 годзе мікра-, малыя і сярэднія арганізацыі забяспечвалі 60,1% аб’ёму прамысловай вытворчасці раёна.

Прадпрыемствы малога бізнесу ўносяць істотны ўклад у выкананне паказчыкаў знешнегандлёвай дзейнасці: 80,8% ад агульнай сумы экспарту тавараў раёна – на іх рахунку. Павялічаны экспартныя пастаўкі вырабаў дрэваапрацоўкі, моцных алкагольных і слабаалкагольных напіткаў. Арганізацыі гандлю МСП за 5 месяцаў года павялічылі тэмпы росту рознічнага тавараабароту (102,8%).

Высокія тэмпы росту рознічнага тавараабароту забяспечылі ЗАТ «Задняпроўе», ТАА «Фрутрэал», ЗАТ «Дабраном», ЗАТ «Віцебскаграпрадукт».

Г. Т. Калыхан агучыла і фінансавыя вынікі работы прадпрыемстваў МСП па стане на 1 студзеня 2025 года. Выручка ад рэалізацыі тавараў (прадукцыі, работ, паслуг) арганізацый МСП склала 126108 тыс. рублёў, што на 52% вышэй за ўзровень мінулага года, сабекошт рэалізаванай прадукцыі склаў 109527 тыс. руб., рост на 45,6% адпаведна.

Старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык падчас абмеркавання пытання засяродзіў увагу аддзела эканомікі на неабходнасць больш актыўна ствараць на тэрыторыі раёна камерцыйныя пляцоўкі для адкрыцця і развіцця бізнесу. У цяперашні час у краіне рэалізуецца комплекс эканамічных, заканадаўчых і арганізацыйных мер па стымуляванні і падтрымцы дзелавой актыўнасці, якая найбольш ярка выяўляецца ў прадпрымальніцкім асяроддзі. Падтрымка прадпрымальніцкага сектара эканомікі з боку дзяржавы спрыяе ўкараненню новых тэхналогій, стварэнню новых працоўных месцаў, павышэнню заработнай платы, павелічэнню падатковых паступленняў у бюджэт, насычэнню рынку таварамі і паслугамі, павышэнню дабрабыту і якасці жыцця ў малых гарадскіх паселішчах і сельскай мясцовасці.

Па абмеркаваным пытанні прынята пастанова.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *