Обольский керамический завод: направление на рентабельность

Главное Общество Экономика

Обальскаму керамічнаму заводу сёлета ёсць чым пахваліцца: выйшлі на замкнуты бесперапынны цыкл вытворчасці цэглы. На прадпрыемстве працуюць 182 чалавекі, людзі розных прафесій, якіх аб’ядноўвае імкненне шчыраваць на карысць малой радзімы.

 

«Укараненне сучасных аўтаматызаваных сістэм кіравання дазваляе аптымізаваць рабочыя працэсы, знізіць працазатраты, – адзначае дырэктар ОКЗ Сяргей Ляўшоў. – У выніку павялічыцца прадукцыйнасць працы і будзе забяспечана якасць прадукцыі. З завяршэннем праекта не толькі палепшыцца канкурэнтаздольнасць обальскай цэглы на рынку, але і з’явіцца магчымасць палепшыць дабрабыт работнікаў. Усё гэта аснова для далейшай паспяховай дзейнасці прадпрыемства і яго ўмацавання як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Якасць, інавацыі, імкненне да ўдасканалення, а таксама індывідуальны падыход да кожнага пакупніка – вось ключавыя прынцыпы работы прадпрыемства. За студзень-чэрвень бягучага года вырабілі 11,6 мільёна штук умоўнай цэглы, рэалізавана 8,6 мільёна (4,1 млн. пайшло на экспарт, астатняя – на ўнутраны рынак). Вытворчыя магутнасці завода сёння выкарыстаны на 98%.
Хачу павіншаваць усю каманду ОКЗ з прафесійным святам, пажадаць моцнага здароўя, прафесійнага і сямейнага дабрабыту. Асаблівыя словы прызнання – ветэранам, чыёй нястомнай працай быў закладзены трывалы фундамент сённяшняй вытворчасці. Шчырыя словы ўдзячнасці завадчанам, якія не сталі шукаць лёгкага хлеба нават у перыяд рэканструкцыі, калі вытворчасць цэглы часова была прыпынена. Будзем разам працаваць на тое, каб ОКЗ задаволіў увесь будаўнічы рынак і знайшоў новых пакупнікоў!».

На заводзе завяршаецца інавацыйны праект «Арганізацыя вытворчасці новых відаў прадукцыі з укараненнем тэхналогіі і абсталявання абпалу з выкарыстаннем цвёрдых відаў паліва». Ён рэалізуецца сумесна з адной з вядучых кампаній у сферы вытворчасці абсталявання і тэхналогій для будаўнічай галіны SABO (Грэцыя). Адным з ключавых аспектаў праекта стала выкарыстанне мясцовых відаў паліва, што не толькі садзейнічае зніжэнню выдаткаў на паліўна-энергетычныя рэсурсы, але і падтрымлівае экалагічныя ініцыятывы рэгіёна. Да канца бягучага года будзе завершаны другі этап праекта па выкарыстанні цвёрдага паліва для абпалу керамічнай прадукцыі, і адпаведна завершаны праект у цэлым у рамках рэспубліканскай праграмы «Адзін праект – адзін раён», які рэалізоўваўся на працягу пяці гадоў. Намеснік дырэктара па развіцці Аксана Скамарохава, якая адказвае за агульныя пытанні развіцця вытворчасці, адзначыла, што, нягледзячы на вялікую канкурэнцыю на рынку керамічных вырабаў, у завода ёсць рэальныя планы рэалізацыі прадукцыі як у Беларусі, так і за яе межамі.

Механічны цэх
Без механічнага цэха на заводзе – нікуды. Тут стаяць зубанарэзны, габлявальны, вертыкальна-фрэзерны і іншыя станкі, на якіх вырабляюць металічныя дэталі, патрэбныя на вытворчасці. Майстар па мехабсталяванні – Аляксандр Бурданаў, галоўны механік – Віктар Цітоў. У іх камандзе – токары, фрэзероўшчыкі, газаэлектразваршчыкі, габлявальшчыкі, слесары-рамонтнікі. Яны не толькі адказваюць за рамонт абсталявання завода, але і дапамагаюць падшэфнаму сельгаспрадпрыемству «Ульскі», выточваюць для тэхнікі патрэбныя дэталі.

Іх эксперымент – малачэнне
На ўчастку керамікі працуе ганчар Аляксандр Любімаў і вытворца мастацкіх вырабаў Іна Мураўёва. Яны вырабляюць з гліны прыгожыя рэчы – гаршчэчкі, пано, збаны, розныя сувеніры. Пасля вырабу – сушка, затым абпал, пакрыццё глазурай. Нядаўна па традыцыі нашых продкаў сталі выкарыстоўваць малачэнне – выраб апускаюць на некаторы час у малако, прасушваюць і адпраўляюць на абпал. Кажуць, што такая тэхналогія робіць выраб больш трывалым. А яшчэ і прыгожым – цёмна-карычневага адцення з разводамі.

Механізавана і з рыдлёўкай
Амаль дваццаць гадоў працуе на заводзе загрузчык-выгрузчык сыравіны і паліва Іван Перамотаў – надзейны і руплівы. Яго работа не толькі механізаваная, часта прыходзіцца і з рыдлёўкай працаваць. Прымае за змену па 16-18 МАЗаў з глінай, у бункер дадае вапну. Гэта сумесь перамешваецца і падаецца па стужцы ў цэх. А потым ужо дадаецца шамот, тарфяны брыкет, без чаго сёння не абыходзіцца вытворчасць обальскай цэглы.

Рыхтуе «цеста» для цэглы
Аператар прыгатавальнага аддзялення Іна Андрэева кажа пра сваю работу коратка: «Рыхтую масу для будучай цэглы». Яна сочыць за сумессю, якая падаецца ў прэс – за яе кансістэнцыяй, насычанасцю, вязкасцю і нават колерам. Ад дабавак, якія дадаюцца ў масу, залежыць якасць розных відаў прадукцыі. Іна Андрэева не толькі працуе на камп’ютары, дзе бачны кожны куток вытворчасці, але і правярае працэс на свае вочы. Галоўным у сваёй рабоце лічыць уважлівасць.

Адказваюць за садку і фармоўку
Юлія Шульц і Святлана Гулакова, стаж работы на заводзе якіх налічвае больш за 20 год, працуюць у адной звязцы. Юлія – аператар пульта кіравання, кіруе робатам, адказвае за садку цэглы. Святлана –
прэсаўшчык вырабаў, фармуе цэглу. Тут трэба не толькі ўважліва глядзець, але і чуць, як працуе вытворчасць.

Кіруюць робатамі
Машыніст расфасовачна-ўпаковачнай машыны Таццяна Мамыка і сарціроўшчык вырабаў Вольга Чарвінская ацанілі важкасць праведзенай на заводзе рэканструкцыі. Калі раней праз рукі ўкладчыкаў праходзіла за змену да васьмі тысяч штук цэглы, то зараз на змену ручной працы прыйшлі робаты. На ваганетках з печкі абпалу за змену паступае каля 46 тысяч штук цэглы. Яе здымаюць і кладуць на паддоны робаты – імі кіруюць Таццяна і Вольга.

Майстар змены
Цэх завода – сэрца вытворчасці, тут нараджаецца цэгла. Зараз цэх працуе ў чатыры змены. За вытворчасць адказваюць чатыры майстры. У камандзе вопытнага майстра Надзеі Дзяменцьевай паўтара дзясятка чалавек. «Кожны на сваім месцы, нявопытных няма, – зазначыла Надзея. – У нас усё дакладна і зладжана». Сама ж Надзея Аляксандраўна сочыць за працэсам і аховай працы, складае справаздачы. Агульным працэсам вытворчасці ў цэху кіруе начальнік Яўген Ганчароў, які ў адказе за выпуск якаснай прадукцыі.

Як па канвееры
На пагрузачна-разгрузачным участку, які ўзначальвае майстар Любоў Лук’янава, працуюць людзі розных прафесій. Тут ёсць машыністы кранаў, стропальшчыкі, манцёры пуці, упакоўшчыкі. Іх работа ўзаемазвязана, агульны вынік залежыць ад кожнага. Упакоўшчыкі абмотваюць цэглу на паддонах плёнкай і стужкай, стропальшчыкі замацоўваюць груз, машыністы кранаў грузяць яго ў вагоны. Манцёры адказваюць за спраўнасць чыгуначных пуцей. Работа ідзе як па канвееры.
Транспартным цэхам кіруе Сяргей Вежнавец, які забяспечвае дастаўку сыравіны і матэрыялаў, адгрузку прадукцыі. На чале будаўнічага цэха – Сяргей Загнетаў, яго каманда выконвае работы па рамонце і падтрымлівае ў спраўным стане будынкі, вырабляе канструкцыі, неабходныя вытворчасці.
Пастаянны кантроль па ўсіх участках вытворчасці вядзе служба тэхнічнага кантролю пад кіраўніцтвам Аксаны Кірык. Галоўны тэхнолаг Таццяна Аляксеева кіруе тэхналагічным працэсам – ад здабычы гліны да выхаду гатовай прадукцыі.

З лічбамі на “ты”
Адміністрацыя завода – гэта бухгалтарскі і эканамічны аддзелы, аддзел кадраў і збыту, юрыст. Гэта каманда сапраўдных прафесіяналаў, штаб, які робіць аналіз работы прадпрыемства, шукае перспектыўныя напрамкі дзейнасці і рынкі збыту, працуе з кадрамі. Вядома, тут у адрозненне ад цэхаў, даводзіцца мець справу не з цэглай, а з дакументацыяй, што патрабуе асаблівых ведаў, навыкаў, вопыту, адказнасці і ўмення глядзець на некалькі крокаў наперад.

З маладым імпэтам
Далер Забіраў – малады спецыяліст. Летась пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ён уладкаваўся на завод начальнікам аддзела збыту. Сам знайшоў сабе работу у родным пасёлку, на заводзе, дзе працуе маці і шмат знаёмых. За апошні час ОКЗ займела новыя рынкі збыту ў Курскай, Калінінградскай, Архангельскай і Пскоўскай абласцях, у Маскве, Санкт-Пецярбургу. У гэтым – і заслуга ўсёй камерцыйнай службы і Гандлёвага дома “Обальскі”. Толькі за ліпень на экспарт было адпраўлена 1,1 мільёна штук цэглы, каля мільёна – на ўнутраны рынак. Малады спецыяліст удзячны сваім настаўнікам, работнікам аддзела Алесі Езавітавай і Вользе Вежнавец.

Заўсёды на ахове
На ОКЗ свая ахова, яе ўзначальвае Максім Дзяменцьеў. Ён і камандзір добраахвотнай дружыны, створанай пры заводзе. У час нашага прыезду на змене дзяжурылі ахоўнікі Санжар Юсупаў і Аляксандр Грузневіч, кантралёр кантрольна-прапускнога пункта Святлана Пэрэт. Яны ахоўваюць маёмасць, правяраюць фізічны стан завадчан. Праз КПП ніхто не пройдзе і не праедзе незаўважаным.

Толькі пры зладжанай рабоце і адказных адносінах кожнага да сваіх абавязкаў можна атрымаць якасную прадукцыю, запатрабаваную ў Беларусі і за яе межамі.
Матэрыялы падрыхтавала Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *