Падрыхтоўка да школы – справа адказная
Нават у дарослага чалавека падрыхтоўка да школы выклікае пэўныя хваляванні. І сёння помню той час, калі з бацькамі ехалі ў горад, каб купіць канцылярскія тавары, карычневую сукенку і два фартухі – белы і чорны (на святочныя дні і паўсядзённыя).
Сёння патрабаванні да школьнага адзення сталі іншыя, але ж эмоцый не менш як у школьнікаў, так і ў бацькоў. Непакояцца, каб адзенне было якасна пашытым, каб па фігуры і памеры падышло, каб грошай на ўсё хапіла. Спіс усяго неабходнага да школы вялікі: адзенне, абутак, партфель, канцылярскія тавары… Мы прайшліся па шумілінскіх магазінах, каб паглядзець, што яны прапануюць школьнікам і што выбіраюць пакупнікі.
У магазін “Чырвоная цана” адзін за адным падыходзілі пакупнікі. Некаторыя – прыцаніцца, што пачым, а іншыя прыходзілі адразу з дзецьмі і мелі на мэце апрануцца да школы. Сярод такіх – Максім Лапацін з райцэнтра, які прыйшоў купіць красоўкі (па памеры якраз падышлі), а таксама Ларыса Крамарава з пасёлка Завадскі з дачкой Лерай. «У Бешанковічы нам бліжэй будзе, але прыехалі за пакупкамі ў Шуміліна, таму што тут дзешавей, – падзялілася Ларыса Іванаўна. – Выбіраем рукзак, блузку і штаны. Лічу, што школьная форма павінна быць не толькі якаснай і зручнай, але практычнай і прыгожай». Мы пацікавіліся, што пачым. Белыя блузкі каштавалі па 20-35 рублёў, спадніцы – па 30-32 рублі, камізэлькі – па 25-30 рублёў, рукзакі – па 30-45 руб. Спартыўныя касцюмы можна было купіць па 45-65 руб., кашулі для хлопчыка – па 20-25 руб., кашулі-падманкі (з камізэлькай) – па 30-35 руб., пінжакі для хлопчыкаў – па 70-75 руб., штаны – 35-45 руб.
У магазінах “Фікспрайс” і “Ёршык” бацькі з дзецьмі набывалі канцылярскія тавары. «Выбар багаты, можна і ў Шуміліне купіць усё неабходнае, – адзначылі Крысціна Рубіна і яе сын другакласнік Герман. «Мне падабаецца выбіраць школьныя тавары, – заявіў хлопчык. – У карзіну пакупак паклалі пенал, кардон, алоўкі, дзённік – яго нам таксама сказалі купіць да школы. Зараз выбіраю ручкі і сшыткі». Мама хлопчыка адзначыла, што за абуткам у выхадныя паедуць у Віцебск, бо ў Шуміліне няма спецыялізаванага абутковага магазіна, дзе б прадаваліся фабрычныя чаравікі, а не базарныя. І з гэтым нельга не пагадзіцца.
У магазіне “Фікспрайс” сустрэлі Кацярыну Галуза з райцэнтра, якая дакупляла неабходныя канцылярскія тавары для дачкі-трэцякласніцы Ганны. Адзначыла, што толькі на канцылярыю патрацілі ўжо больш за 50 рублёў.
Што куплялі на школьным кірмашы?
У мінулую суботу, 9 жніўня, на тэрыторыі шумілінскага базару ладзіўся школьны кірмаш. Адзначым, што ён быў невялікі і немнагалюдны. Крысціна Рубіна з сынам Германам. На кірмаш прыехалі прадстаўнікі гандлёвай фірмы «Марка», магазіна «Ёршык». Таксама гандлявалі індывідуальныя прадпрымальнікі, работнікі ТЦСАН.
Расказваем, што пачым можна было купіць. Чаравікі дзявочыя – па 59-110 руб., мужскія па 99-130 руб., красоўкі – 40-130 руб., партфелі– 20-55 руб., пеналы – 3,60-5,10 руб., дзённікі – 3,70 руб., сшыткі (12 лістоў) – 22 кап., гуаш – 5,85 руб. Больш за ўсё разыходзіліся сшыткі (тонкія, агульныя і паўагульныя) і канцылярыя. Куплялі яшчэ рукзакі да школы, выбар якіх быў багаты – як для хлопчыкаў, так і для дзяўчынак. Банты і шакаладніцы прапаноўвалі работнікі ТЦСАН.
Ля палаткі гандлёвай фірмы “Марка” сабралася больш дарослых, чым школьнікаў. Можна было са скідкай купіць скураныя чаравікі. І для старшакласнікаў таксама. А вось дзіцячых памераў чамусьці не прывезлі.
«Мы з дачкой Соняй прыехалі спецыяльна на школьныя кірмаш з Амбросавіч, – расказала Наталля Кальніна. – Прызнацца, чакалі тут большага, чым убачылі. – Хацелася б, каб трыкатаж прадавалі, школьныя штаны, блузкі, спадніцы. На жаль, гэтага няма на кірмашы. Купілі сшыткі, набор абгортак, клей, фламастары. А за адзеннем прыйдзецца ці ў горад ехаць у наступны выхадны, ці ў магазін “Чырвоная цана” ў Шуміліне.
Перадшкольны шопінг працягваецца. Крамы райцэнтра, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на крытым базар ў будынку КУП БАН, працягваюць завозіць новыя тавары, каб задаволіць попыт усіх пакупнікоў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



