Службовая асоба ў адказе за ўсе свае дзеянні
У аграгарадку Крывое Сяло прайшло выязное пасяджэнне суда Шумілінскага раёна. Судзілі загадчыка фермы адной з гаспадарак за службовы падлог – унясенне заведама лжывых звестак у дакументы.
Пракурор Шумілінскага раёна Антон Гарохаў, які падтрымліваў абвінавачванне, прадставіў суду доказы вінаватасці падсуднай, якая двойчы, у лютым і сакавіку гэтага года, утойвала факты падзяжу цялят і паказвала ў дакументах падзеж замест двух галоў толькі адной, такім чынам здзяйсняла злачынства, прадугледжанае часткай 1 артыкула 427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Унясенне службовай асобай заведама лжывых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы, здзейсненыя з іншай асабістай зацікаўленасці, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства”.
Падсудная віну прызнала ў поўным аб’ёме, супрацоўнічала са следствам. Па яе словах, ніякай выгоды з гэтага не мела, на скажэнне дадзеных пайшла па ўказанні галоўнага заатэхніка гаспадаркі, а ўтоеныя галовы падзяжу жывёлы былі паказаны ў дакументах у іншым месяцы.
У ходзе судовага следства жанчына шчыра раскаялася. Пракурор прапанаваў у якасці пакарання два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з выкарыстаннем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
З улікам прадстаўленых суду доказаў, а так сама думкі дзяржаўнага абвінаваўцы, суддзёй Інай Грабоўскай вынесены абвінаваўчы прыгавор і прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год шэсць месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У адносінах да падсуднай суд прымяніў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” і вызваліў яе ад прызначанага пакарання часткова тэрмінам на адзін год.
“Санкцыя часткі першай артыкула 427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае штраф або пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, ці папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, ці абмежаванне волі на той жа тэрмін, ці пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў”, – рэзюмаваў пракурор раёна Антон Гарохаў.

