Яшчэ раз пра СКІДКІ на прадукты: як і хто можа атрымаць
Тры з паловай года ў краіне дзейнічае 10-працэнтная скідка на сацыяльна значныя прадукты харчавання, якая дапамагае сэканоміць мільёнам беларусаў.
Пагадненне аб прадастаўленні сацыяльных скідак для ўразлівых катэгорый насельніцтва было падпісана ў студзені 2022 года Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю з буйнымі гандлёвымі сеткамі краіны, затым неаднаразова прадаўжалася. Чарговае дадатковае Пагадненне падпісана да канца года.
Скідка ў 10% даецца пенсіянерам, інвалідам, мнагадзетным сем’ям і малазабяспечаным слаям насельніцтва. У ліку тавараў, на якія яна распаўсюджваецца, па-ранейшаму 29 пазіцый: хлеб, мука, аўсяныя шматкі, пярловыя крупы, сухія макаронныя вырабы, ялавічына, свініна, тушка курэй, куранят, уключаючы бройлераў, малако, кефір, смятана, тварог, сыр, яйкі, масла сметанковае, алей сланечнікавы (рапсавы), яблыкі, гародніна, бакалея (цукар-пясок, кашы, мясныя і фруктовыя кансервы для дзіцячага і дыетычнага харчавання) і іншыя тавары. Па падліках МАРГ, за гэты час карткі атрымалі больш за 2 мільёны чалавек. Акцыя карыстаецца попытам у насельніцтва і пацвярджае, што Беларусь – сацыяльная дзяржава, якая клапоціцца пра грамадзян.
«У Шумілінскім раёне сістэма скідак на прадукты першай неабходнасці дзейнічае ў магазінах Белкаапсаюза ў населеных пунктах Сураўні, Сіроціна, Мішкавічы, Слабада, Башні, Амбросавічы, Кардон, Добрына і аўтамагазінах, гандлёвых аб’ектах «Санта», «Еўраопт», «Хіт. Экспрэс», «Капеечка», – удакладніла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Вольга Лабейка. – Хочацца нагадаць і некалькі нюансаў. Па-першае, па ўмовах Пагаднення, суб’екты гандлю могуць паменшыць памер скідкі на велічыню, якая неабходна для таго, каб рознічны кошт на тавар з улікам скідкі быў ўсталяваны не вышэй за 5% да цаны набыцця тавару ў пастаўшчыка. Памер скідкі можа быць менш 10% у выпадку, калі гандлёвая надбаўка на тавар не перавышае 10%. Па-другое, на акцыйныя тавары скідка не распаўсюджваецца! Трэба таксама памятаць, што скідку ў 10% можна атрымаць на агульную суму ў месяц, якая не перавышае памер пражытачнага мінімуму – на сёння гэта 487,72 рубля. Для атрымання скідкі пры здзяйсненні пакупак неабходна пры сабе мець не толькі дысконтную карту, але і арыгіналы пасведчанняў».
Алена КАРПУШЭНКА.

