Дзе жывём, парадак трымаем
Сёння мы знаёмім з пераможцамі раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан сельскіх населеных пунктаў (намінацыя «Дом узорнага парадку») – сем’ямі Пятра і Раісы Вікулавых з аграгарадка Мішневічы, Казіміра і Леакадзіі Галімскіх з Дабеі, Аляксея і Ніны Фядураў з Убоіна. У гэтай жа намінацыі адзначаны сядзібы Валерыя і Валянціны Жандаравых з Добрына, Юрыя і Святланы Снітко з Полькавіч.
Да бацькоўскай сядзібы – з вялікай любоўю і клопатам
На сядзібу да Аляксея і Ніны ФЯДУРАЎ з вёскі Убоіна Обальскага сельсавета можна на экскурсію прыязджаць. Размешчана на беразе Заходняй Дзвіны, яна стварае нейкую казачную атмасферу. Дом патанае ў зеляніне ядлоўцаў, серабрыстай вярбы, вечназялёнага самшыту і рознакаляровасці астраў, аксамітак і ружаў.
Жывуць тут Фядуры 12 гадоў. Перабраліся з Наваполацка ў бацькоўскі дом, давялі яго да ладу, зрабілі ўсе гарадскія выгоды. І не спыняюцца на гэтым. Кожны год нешта будуюць, рамантуюць, саджаюць. Пасадзілі фруктовы сад, жывую агароджу. На беразе рэчкі з’явіўся стол з лаўкамі, альтанка, арэлі, побач з домам – многа клумбаў. Фядуры даглядаюць вялікую – з паўгектара – тэрыторыю каля дома. І тут заўсёды ўсё абкошана і дагледжана.
У планах – будаўніцтва новай альтанкі, на гэта пойдуць грошы, якія сям’я атрымала на раённых «Дажынках» за перамогу ў конкурсе. «Наш рай – на малой радзіме, мы ўсё робім, каб тут было прыгожа», – зазначылі Ніна і Аляксей Фядуры.
У планах – вялікая альтанка
Дом Раісы і Пятра ВІКУЛАВЫХ у аграгарадку Мішневічы хаваецца за беластволымі бярозамі, зелянінай елак і соснаў, туй і ядлоўцаў. Ад мноства кветак вочы разбягаюцца. Якіх тут толькі няма: крокусы, рададэндраны, астры, вяргіні, петуніі, ружы… Побач з домам столік, лаўкі і арэлі, зробленыя гаспадаром, а таксама адлітыя з цэментнага раствору шары, пафарбаваныя ў белы колер. Падворак упрыгожваюць спірэя, вейгела і нават кедр. Вікулавы кожны год саджаюць дрэвы: сосны ці елкі, яблыні, грушы ці слівы. А гаспадар яшчэ майструе: зрабіў веснічкі, двое арэляў ля соснаў, на якія прыходзяць гушкацца суседскія дзеці. У планах – зрабіць вялікую альтанку, бо ў госці прыязджаюць пяцёра ўнукаў, дзеці.
«Прыгажосць наводзім для сябе, але ўсё роўна прыемна, што наш падворак заўважылі, адзначылі на раённым узроўні і запрасілі нас на свята ў Кардон, – прызналіся Вікулавы. – Свята вельмі спадабалася».
Палісаднік – для душы
Немагчыма, праязджаючы па Дабеі, не звярнуць увагу на дом Казіміра і Леакадзіі ГАЛІМСКІХ. І калі дазнаюцца, што гаспадарам ужо далёка за семдзесят, многія дзівяцца, дзе гэта яны сілы і энергію бяруць.
«Напэўна, ад зямлі, ад прыгажосці, якая натхняе, – усміхаецца Леакадзія Казіміраўна. – Мне ужо 79 “стукнула”, а душа прагне прыгожага! Люблю кветкі, якіх у мяне цэлы палісаднік, любуюся малымі архітэктурнымі формамі, якія дораць сваякі. У нас градкі – для гародніны, а палісаднік – для душы».
Кветак багата пасаджана і за агароджай, і тэрыторыя тут заўсёды абкошана клапатлівымі рукамі Казіміра Казіміравіча. Ён майстар на ўсе рукі. Напрыклад, падпоркі для ружаў зрабіў з поліпрапіленавых труб. Вельмі любяць парадак Галімскія, якія, да слова, адсвяткавалі ў гэтым годзе ізумруднае вяселле (55 гадоў сумеснага жыцця), з чым мы іх віншуем.
Дом з лаўкай-качалкай і саломарэзкай
Калі спытаць у жыхароў Полькавіч, дзе жыве сям’я Святланы і Юрыя СНІТКО, то назавуць не адрас, а галоўную прыкмету: дом, дзе каля агароджы незвычайная лаўка-качалка.
Старыя конскія граблі, дошкі, фантазія і ўмелыя рукі гаспадара Юрыя Іванавіча – і атрымалася прыгажосць. Ён выразаў лобзікам і драўляныя налічнікі для вокнаў, і веснічкі змайстраваў, і металічныя падстаўкі для кветак. А ўжо вырошчваннем займаецца жонка Святлана Алегаўна.
І хоць летнія кветкі ўжо адцвілі, але ж палісаднік упрыгожваюць хрызантэмы, ружы, аксаміткі, падаконнік – петуніі. Родныя ведаюць, што падарыць сям’і Снітко на святы. Так на падворку з’явіліся драўляныя буслы каля агароджы, ружы. У якасці малой архітэктурнай формы гаспадары паставілі на падворку саломарэзку, якой карысталіся яшчэ іх бацькі. Пафарбавалі – і сямейны музейны экспанат гатовы.
Феерверк хрызантэм каля агароджы
Сярод пераможцаў раённага конкурсу сям’я ЖАНДАРАВЫХ з Добрына – самая маладая. Валерый Сяргеевіч, які працуе ва УП ЖКГ аператарам кацельні, любіць, каб парадак быў не толькі на працоўным месцы, але і на сядзібе. Газон каля дома абкошваў за летні сезон разоў сем. Турнік, металічны веснічкі – таксама справа рук гаспадара, які здорава ўпраўляецца са зварачным апаратам. А нядаўна да ганка праклаў дарожку з тратуарнай пліткі. У гэты малюнак гарманічна ўпісаліся кветкі, якія вырошчвае гаспадыня Валянціна Сяргееўна. Кветкі падабраны так (іх тут каля сарака кустоў), каб цвілі з ранняй вясны да позняй восені. І зараз яны сустракаюць рознакаляровым феерверкам. У планах – набыць некалькі гатункаў гартэнзій.









