Не верце незнаёмцам!
З 27 па 31 жніўня супрацоўнікі РАУС у рамках спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў «Увага – узрост!» правялі прафілактычную работу сярод прадстаўнікоў “залатога” ўзросту.
Разам з участковым інспектарам РАУС Уладзіславам Кавалёнкам карэспандэнт раённай газеты пабывала ў рэйдзе па райцэнтры. «Людзі сталага ўзросту вельмі даверлівыя, і ў гэтым іх бяда, – заўважыў Уладзіслаў Кавалёнак. – Сёлета на тэрыторыі раёна зарэгістравана 6 махлярстваў і 5 крадзяжоў у адносінах да сталых людзей. Усе супрацоўнікі міліцыі нацэлены перш за ўсё на прафілактычную работу. Самы дзейсны спосаб –індывідуальныя гутаркі». Падчас рэйду іх правялі з паўтара дзясяткам шумілінцаў, якія жывуць на вуліцах Мясаедава, Мічурына, Сіпко, Ленінскай, Кароткіна.
Людзі сталага ўзросту расказалі і свае гісторыі – як ім тэлефанавалі “супрацоўнікі праваахоўных органаў” і раілі пакласці грашовыя зберажэнні ў банк, як званілі і «голасам сына» прасілі перадаць буйную суму грошай, бо той “трапіў у аварыю”. «Мы з жонкай, прызнацца, былі ашаломлены такім званком і адразу пачалі тэлефанаваць сыну. На душы адлягло, калі пачулі яго голас, – расказаў адзін з жыхароў райцэнтра. – Мы ўжо навучаныя – і тэлевізар глядзім, і газеты чытаем. Вучымся быць падазронымі і нікому не верыць».
Адна жанчына, якой дзеці на дзень нараджэння купілі новы мабільны тэлефон і падключылі да інтэрнэту, папрасіла падрабязней патлумачыць, чаго можна чакаць ад махляроў. «З кнопачным тэлефонам не баялася, а зараз ёсць пэўныя хваляванні», – шчыра выказалася жанчына. Участковы інспектар расказаў пра тое, як працуюць махляры і што нельга рабіць. Акцэнтаваў увагу на тым, што не трэба пераходзіць па незнаёмых спасылках, нельга ўстанаўліваць на тэлефон розныя дадаткі па просьбе незнаёмых асоб. Махляры выкарыстоўваюць псіхалагічнае ўздзеянне і маніпуліруюць свядомасцю людзей, паверыць ім проста, асабліва калі справа ідзе пра блізкіх людзей. Таму парада ад міліцыянераў адна: калі патэлефанавалі незнаёмцы – кладзіце трубку.
Прафілактычныя рэйды будуць працягвацца, бо абараніць даверлівых людзей сталага ўзросту ад махляроў і злачынцаў – адна з першачарговых задач супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

