Дикое животное на дороге. Что делать?

Безопасность Происшествия

Тармазіць, аб’ехаць ці ісці на таран?

 На мінулым тыдні на аўтадарозе Р‑20 (каля павароту на Добрына) зарэгістраваны наезд аўтамабіля на дзікую жывёлу.  Алень выбег на дарогу знянацку, і вадзіцель «Опеля» (жыхар г. п. Ушачы) не паспеў затармазіць. Паколькі хуткасны рэжым не быў перавышаны, абышлося без чалавечых ахвяр. Загінуў толькі алень, аўтамабілю патрабуецца рамонт.

У гэтым годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 14 ДТЗ з казулямі, ласямі і аленямі. Як правіла, у такіх выпадках не разглядалася парушэнне вадзіцеля за рулём, бо паводзіны жывёлы непрадказальныя.

«Лясныя жыхары могуць з’явіцца ў любы час і на любым участку дарогі. Таму вадзіцелям трэба быць вельмі асцярожнымі, уважлівымі і не перавышаць устаноўленыя на аўтатрасах хуткасці руху, – раіць старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС Віктар Бурлакоў. – А калі вы едзеце на аўтамабілі і перад вамі з’явіліся казулі ці ласі, то не варта падаваць гукавыя сігналы – гэта выклікае стрэс у жывёлы, і яна можа весці сябе непрадказальна. Любыя рэзкія паскарэнні, моцныя гукі, тармажэнні павялічваюць верагоднасць таго, што жывёла можа трапіць пад машыну. Таксама не варта выходзіць з аўтамабіля і адганяць казулю ці лася. Гэта небяспечна і дарэмная трата часу. Калі жывёла задумала перайсці аўтатрасу на канкрэтным участку, то яна гэта зробіць. Калі не зараз, то праз пяць хвілін, як вы яе адагналі, стане перабягаць дарогу, і трапіць пад колы наступнага транспартнага сродку. Лепш за ўсё пачакаць, пакуль яна пяройдзе трасу, і толькі тады працягваць рух далей. Як паказваюць даследаванні, максімальная хуткасць, якой можа абмежавацца вадзіцель на небяспечным участку – 70 кіламетраў у гадзіну. Але гэта пры ўмове, што ў яго спраўны аўтамабіль і добрыя тармазы. Калі аўтамабіль рухаецца ў цёмны час сутак, то акрамя дальняга святла, трэба ўключыць супрацьтуманныя фары, якія добра захопліваюць абочыну – гэта павысіць верагоднасць заўважыць жывёлу, якая выбягае з лесу».

А калі ДТЗ ужо здарылася? Калі аўтамабіль сутыкнуўся з дзікай жывёлай, то ні ў якім разе нельга з’язджаць з месца здарэння, папярэджваюць супрацоўнікі ДАІ. Інакш вадзіцель рызыкуе атрымаць штраф ад 5 да 25 БВ і пазбавіцца вадзіцельскіх правоў да двух гадоў. Пры ДТЗ трэба прыпыніцца, уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю, выставіць знак аварыйнага прыпынку, каб папярэдзіць іншых вадзіцеляў аб небяспецы. Пасля гэтага пра здарэнне трэба паведаміць у міліцыю па тэл. 102.

Людміла ЗУЙКОВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *