Выездное заседание президиума районного Совета депутатов: Год благоустройства в Николаевском сельсовете

2025 - Год благоустройства Власть Главное Общество

У цэнтры ўвагі – Мікалаеўскі сельсавет

Тэма добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі сёння актуальная для кожнага населенага пункта і кожнага яго жыхара. Чысціня і парадак у гарадах і вёсках ужо даўно сталі своеасаблівай візітнай карткай Беларусі. Шмат мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні рэалізуецца і на тэрыторыі Шумілінскага раёна. На апошнім выязным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў у цэнтры ўвагі быў Мікалаеўскі сельсавет.

Пасля невялікай экскурсіі па аграгарадку Кардон, дзе сёлета пройдзе раённае свята ўраджаю, у Кардонскай бібліятэцы пад кіраўніцтвам старшыні райсавета дэпутатаў Мікалая Будневіча было абмеркавана пытанне аб праводзімай на тэрыторыі Мікалаеўскага сельсавета рабоце па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, навядзенні парадку на зямлі.

Старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама Уладзімір Сядлоўскі ў сваім дакладзе пастараўся не проста канстатаваць факты зробленага, а і адзначыць пазітыўныя і негатыўныя моманты ў навядзенні парадку, вызначыць існуючыя праблемы. Найперш варта адзначыць шэраг дарожных работ. Работнікі падраздзялення «Лаўжанскае» УП ЖКГ Шумілінскага раёна правялі шчабяненне і асфальтаванне вуліц Вінера, Кардонская, Камачынская ў аграгарадку Кардон, грэйдзіраванне 32 км вуліц. У вёсцы Мішкавічы праведзены рамонт вуліцы Вішнёвай, выкананы абкос прыдамавых тэрыторый, абочын у сельскіх населеных пунктах. Да канца года плануецца асфальтаваць яшчэ 1310 метраў вуліц, шчабяніць – 360 метраў.

Работнікі ДРБУ‑204 правялі рамонт пад’ездаў да грамадзянскіх пахаванняў Акулінкі, Жалудова, Галі. Патрабуюцца работы па рамонце пад’язных дарог да могілак Парэчча (дарога замацавана за СФГ «Раднік»).

Праводзяцца работы па ўладкаванні дваровых дарожак з асфальтабетонным пакрыццём вуліц Школьная і Вінера ў Кардоне. Заменены 12 лавачак, 6 дзіцячых пясочніц, адрамантаваны арэлі. Праведзены бягучы рамонт даху шматкватэрных жылых дамоў (124 м кв.), выкананы работы па афарбоўцы цокаляў пяці шматкватэрных жылых дамоў і па замене пі‑трубы на вуліцы Школьнай.

У 2025 годзе на тэрыторыі сельсавета высаджана 250 штук саджанцаў дрэў, 200 кустоў, 10 тысяч штук кветак, выкананы работы па ўладкаванні і рэканструкцыі 100 м кв. газонаў.

На тэрыторыі сельсавета абсталяваны 22 кантэйнерныя пляцоўкі, на якіх устаноўлены 61 кантэйнер. Вываз бытавых адходаў ажыццяўляецца спецтранспартам па графіку, у 8 населеных пунктах вываз бытавых адходаў ажыццяўляецца трактарам згодна з графікам.

Сёлета выкананы работы па агароджванні кантэйнерных пляцовак у н. п. Дубрава, Ізгародзішча, адрамантаваны і афарбаваны агароджы ў Мікалаеве і Кардоне.

Завезена 10 тон пяску на 2 грамадзянскія пахаванні, вывезена смецце з 17, устаноўлены дадаткова кантэйнеры на могілках Мікалаеўскае, Слабада, Лабейкі, Ерашова.

Выдалена 12 аварыйных дрэў як сіламі ЖКГ, так і з прыцягненнем прамысловых альпіністаў. На сённяшні дзень засталося выдаліць 5 аварыйных дрэў на грамадзянскіх могілках Слабада, Далуева, Надзежына. Устаноўлены інфармацыйныя таблічкі на пахаванні Мікалаева, Слабада. Устаноўлена новая драўляная агароджа на могілках у Ерашове.

Сіламі Мікалаеўскага лясніцтва выкананы работы па выдаленні хмызняковай расліннасці на могілках Слабада, Мікалаева‑2.

Асаблівую каштоўнасць маюць ініцыятывы, якія зыходзяць непасрэдна ад насельніцтва. Да добраўпарадкавання дваровых тэрыторый прыклалі рукі не толькі работнікі падраздзялення «Лаўжанскае» УП ЖКГ, але і нераўнадушныя вяскоўцы, якія не сталі чакаць, калі падыдзе чарга на рамонт прыдамавой тэрыторыі, а самі ўзяліся за справу. Так, жыхары дома № 1 па вуліцы Саркісянца ў Мішкавічах пафарбавалі і адрамантавалі дзве лавачкі. Жыхары дома № 3 па вуліцы Школьнай аг. Кардон выканалі работы па ўладкаванні дзіцячай пляцоўкі.

У год 80‑годдзя Вялікай Перамогі выкананы работы па ўкладцы тратуарнай пліткі на воінскім пахаванні ў Кардоне, пліты будуць заменены на ўсім пахаванні. Работнікі аддзялення паштовай сувязі зрабілі рамонт на брацкай магіле ў вёсцы Макракі (паклалі плітку, пафарбавалі помнік).

З пачатку года на тэрыторыі сельсавета знесена 6 лядашчых дамоў (Мікалаева, Кардон, Дубрава), сіламі УП ЖКГ знесены шматкватэрны дом у Мікалаеве. Нявырашаным з‑за адсутнасці ўласнікаў застаецца пытанне па зносе аварыйных цагляных хлявоў у Кардоне.

Сіламі ДРБУ‑204 высечаны кусты на аўтадарогах Федзькава‑Кардон і пад’ездзе да Бубаляў (700 м), Мішкавічы‑Галі (1000 м).

З пачатку года адрамантавала 5 калодзежаў. Філіял «Полацкводаканал» за ўласныя сродкі выканаў работы па ўстаноўцы фільтраў абезжалезвання ў вёсках Ілава, Дубрава, Ізгародзішча, замяніў водаправодныя трубы. Дэманціраваны воданапорныя вежы, устаноўлена аўтаматычнае абсталяванне з дадатковым абсталяваннем для ачысткі вады ў 7 населеных пунктах.

Значныя работы па добраўпарадкаванні і азеляненні ўласных тэрыторый і аграгарадка правялі работнікі Кардонскай СШ.

Праведзены рамонт магазіна Бешанковіцкага філіяла аблспажыўтаварыства (пафарбаваны дах і фасад), сельскага клуба, устаноўлена новая агароджа каля кацельні.

Пэўную работу па навядзенні парадку праводзіць КУСГП «Ульскі» на сваіх тэрыторыях. Аднак маюцца праблемныя пытанні па санітарным стане гаспадарчых аб’ектаў, асабліва жывёлагадоўчых.

Сумеснымі намаганнямі зроблена многае, падвёў рысу сказанаму Уладзімір Сядлоўскі, але не ўсё, што запланавана, і заклікаў суб’екты гаспадарання актывізаваць работы і выканаць мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні.

Даклад старшыні сельвыканкама дапоўнілі старэйшына Кардона і Камачына Леакадзія Барысевіч і намеснік дырэктара КУСГП «Ульскі» дэпутат раённага Савета дэпутатаў Валянціна Лабейка.

Першачарговая задача старшыняў сельвыканкамаў і Саветаў дэпутатаў, зазначыў падчас абмеркавання пытання Мікалай Будневіч – каардынацыя дзеянняў, правядзенне тлумачальнай работы з насельніцтвам.

У праекце пастановы прэзідыума вызначаны канкрэтныя віды і тэрміны работ, якія неабходна выканаць старшыні Мікалаеўскага сельвыканкама, УП ЖКГ, КУСГП «Ульскі» і СФГ «Раднік», аддзелу землеўпарадкавання райвыканкама, ДРБУ‑204, філіялу «Полацкводаканал», іншым суб’ектам гаспадарання ў Год добраўпарадкавання.

Алена КАРПУШЭНКА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *