Азёры пад кантролем!
Да нас вярнуліся цяпло і сонца. У сувязі з гэтым у пятніцу і выхадныя дні супрацоўнікі РАНС і РАУС, матросы ратавальных пастоў павышаную ўвагу ўдзялілі вадаёмам.
У адным з прафілактычных рэйдаў пабывала і карэспандэнт раённай газеты. Разам з начальнікам ПАРЧ № 1 г. п. Шуміліна РАНС Уладзіславам Барадуліным і інспектарам Вадзімам Піваваравым, старшынёй раённай арганізацыі таварыства ратавання на водах Аляксандрам Шарафутдзінавым, участковым інспектарам РАУС Фёдарам Пастаялкіным накіраваліся на возера Шумілінскае, дзе сустрэлі рыбакоў. «Грэх сядзець дома ў такое надвор’е – вось і выйшлі “на паляванне”, – усміхнуўся адзін з рыбаловаў. – Мы ведаем правілы бяспекі, стараемся іх захоўваць».
Тым не менш удзельнікі рэйдавай групы нагадалі правілы бяспечных паводзін на вадзе. Папярэдзілі, што нельга захадзіць у ваду ў стане алкагольнага ап’янення, пакідаць дзяцей каля вады без нагляду, чапляцца за лодкі і сядзець на бартах, ныраць у незнаёмых месцах, заплываць за буйкі, падаваць ілжывыя сігналы аб дапамозе, скакаць у ваду з лодак.
Такія ж прафілактычныя гутаркі былі праведзены і на возеры ў Лескавічах. Тут сустрэлі не толькі шумілінцаў, але і віцяблян. «Мы кожны год з унукам Антонам прыязджаем парыбаліць на возера, яно нам вельмі падабаецца. І прырода тут – залюбуешся», – адзначыў Аляксандр Скорынаў з абласнога цэнтра. Матрос-ратавальнік ратавальнага паста Віктар Шчалкуноў заўважыў, што людзі сталі больш абачлівымі: далёка не заплываюць, дзяцей адных да возера не пускаюць. І гэта радуе. Вось бы так было ў цэлым па краіне.
А статыстыка, на жаль, трывожная. Па словах Аляксандра ШАРАФУТДЗІНАВА, за студзень-жнівень у Беларусі патануў 201 чалавек (сярод іх 9 непаўналетніх), выратавана – 181 (у тым ліку 9 непаўналетніх). У Віцебскай вобласці сёлета патанулі 52 чалавекі (у тым ліку 2 непаўналетніх), выратавана – 33 (4 непаўналетніх).
Ларыса ЗАЙЦАВА.

