З прыходам цёплага сухога надвор’я ратавальнікам штодня паступаюць паведамленні пра загаранні ў лясных масівах, якія практычна заўсёды ахопліваюць вялікую плошчу і нясуць істотную шкоду не толькі людзям, але і навакольнаму асяроддзю. Яшчэ адна праблема — некантралюемае выпальванне грамадзянамі сухой расліннасці і смецця пры навядзенні парадку на прысядзібных участках.
Толькі з пачатку 2025 года агульная колькасць пажараў у прыродных экасістэмах Беларусі склала 690 лясных (плошча – 1247,459 га), 118 тарфяных (больш за 53 га), 5260 – травы і кустоў. На сённяшні дзень рашэннямі райвыканкамаў уведзена абмежаванне на наведванне лясоў у 18 раёнах Віцебскай вобласці, у тым ліку і ў Шумілінскім раёне.
Ратавальнікі папярэджваюць, што ў пажаранебяспечны перыяд у лесе катэгарычна забараняецца кідаць запалкі, акуркі, разводзіць вогнішча, выпальваць сухую траву на лясных палянах, у садах, на палях, пад дрэвамі пакідаць анучы і рыззё, шкляную тару і посуд. Шкло ў сонечнае надвор’е можа сфакусіраваць сонечны прамень і выклікаць загаранне сухой расліннасці.
«Хочацца таксама нагадаць, што згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне патрабаванняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, – дадаў інспектар РАНС Вадзім Півавараў. – У прыватнасці, за парушэнне патрабаванняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках пагражае штраф да 30 БВ, за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах — да 12 БВ, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палаў — да 30 БВ».
Што рабіць, калі вы сталі сведкамі ляснога пажару? Вось што раяць ратавальнікі.
- Перш за ўсё выразна ацаніць абстаноўку. Адразу ж паведаміць пра ўбачанае ў службу ратавання па тэлефонах 101 або 112. Галоўная задача — не даць пажару набраць сілу і распаўсюдзіцца. Для гэтага варта патушыць агонь, старанна агледзець месца і пераканацца, што не засталося ачагоў гарэння. Тушыць полымя лепш за ўсё зялёнымі галінкамі ці закідваючы краі пажару зямлёй.
- Калі бачыце, што пажар немалы, – не варта марнаваць час, пакідайце месца пажару. Ідзіце насустрач ветру, перпендыкулярна краю пажару, па прасеках, дарогах, палянах, берагах ручаёў і рэк. Пры моцным задымленні, калі ў вас ёсць такая магчымасць, прыкрыйце рот і нос мокрай анучай.
- Пры верхавых лясных пажарах, калі гараць кроны дрэў, сховішчам могуць служыць берагі вадаёмаў, буйныя паляны, ліставы лес без хвойнага падросту. Не варта шукаць прытулак на дарогах і прасеках, акружаных іглічным лесам, асабліва маладняком з нізка апушчанымі кронамі, а таксама ў лагчынах, парослых лесам. Дрэва на адкрытых участках гарыць заўсёды вельмі моцна.
- Пры выяўленні тарфянога пажару трэба ўлічваць, што ў зоне гарэння могуць утварацца глыбокія прагарыны, таму перамяшчацца варта асцярожна, папярэдне праверыўшы палкай глыбіню выгаралага пласта.

