Шумілінскія газавікі: надзейная каманда, якая трымае агонь у дамах каманда, якая трымае агонь у дамах
У Шуміліне ёсць арганізацыя, дзе прафесіяналізм – не проста словы, а штодзённая рэальнасць. Раён газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення «Полацкгаз» УП «Віцебскаблгаз» – гэта не толькі тэхніка, трубы і балоны, але ў першую чаргу людзі, якія стабільна забяспечваюць цеплыню, камфорт і бяспеку для тысяч сямей.
ЛЮДЗІ, ЯКІЯ ВЕДАЮЦЬ СВАЮ СПРАВУ
Пад кіраўніцтвам Юрыя Волкава тут працуе 51 чалавек. Сярэдні ўзрост работнікаў – 42 гады, што сведчыць пра ідэальнае спалучэнне вопыту і энергіі. У калектыве няма цякучкі кадраў: многія працуюць больш за дзесяць, а некаторыя – і дваццаць пяць гадоў. Гэта не проста праца – гэта жыццё, якое яны прысвяцілі газавай справе.
ШТОДЗЁННАЯ АДКАЗНАСЦЬ
Шумілінскія газавікі забяспечваюць бесперабойную падачу прыроднага і звадкаванага газу. У іх зоне адказнасці – газавыя сеткі, рэгулятарныя пункты, больш за 8 тысяч газіфікаваных кватэр. Кожны дзень яны дастаўляюць каля 40 балонаў, пераадольваючы больш за 100 кіламетраў. І гэта толькі частка іх працы. Яны абслугоўваюць ацяпляльныя газавыя апараты, замяняюць абсталяванне, якое адслужыла больш за 20 гадоў, праводзяць дыягностыку. І ўсё дзеля таго, каб у нашых дамах было цёпла, камфортна і бяспечна.
ПРЫГОЖАЕ МЕСЦА РАБОТЫ
Тэрыторыя раёна газазабеспячэння – прыклад таго, як можна сумяшчаць тэхнічную дакладнасць і надзейнасць з эстэтычнай прыгажосцю. Кветкі, зялёныя зоны, утульныя, з густам аформленыя, месцы для адпачынку – усё зроблена з душой. І кожны год тут з’яўляюцца новыя сучасныя элементы. І што немалаважна, работнікі самі ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні. Не дзіўна, што прадпрыемства неаднаразова станавілася пераможцам конкурсаў па добраўпарадкаванні на раённым і абласным узроўнях.
ХУТКУЮ АВАРЫЙНУЮ ВЫКЛІКАЛІ?
Без перабольшвання, аварыйная служба ў раёне газазабеспячэння накшталт хуткай дапамогі ў медыцыне – прыедзе ў максімальна кароткія тэрміны і акажа неабходную дапамогу па газу. А ўсё таму, што людзі тут працуюць кампетэнтныя, адказныя, якія ведаюць сваю справу ва ўсіх тонкасцях і нюансах і выконваюць яе на самым якасным узроўні.
ТРАНЗІТ – НАДЗЕЙНЫ
Работа эксплуатацыйнай службы лічыцца нябачнай, але на самой справе мае архіважнае значэнне для прадпрыемства. Сачыць за станам вонкавых сетак, газаправодаў, па якіх праходзіць да спажыўцоў газ, выпадковым людзям не давяраюць. Транзіт павінен быць надзейным!
НА СУВЯЗІ З НАРОДАМ
Абслугоўванне і рамонт газавых катлоў, пліт, лічыльнікаў, оданагравальнікаў, прыём і выкананне заявак спажыўцоў, работа «аднаго акна» – гэта зона адказнасці кантралёраў і слесараў па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваемага абсталявання. Быць на сувязі з народам, адным словам. Таму вельмі важна на гэтых участках работы ўмець кантактаваць, быць камунікабельным, уважлівым, тактоўным, кампетэнтным спецыялістам. Зараз тут склаўся менавіта такі калектыў.
СЛОВА КІРАЎНІКА
«Наша работа – гэта не толькі тэхніка, але і адказнасць перад людзьмі. Мы пастаянна праходзім праверкі, здаём экзамены, каб быць упэўненымі ў сваіх ведах, каб быць надзейнымі партнёрамі-пастаўшчыкамі «блакітнага агня». З гонарам хачу зазначыць, што ў калектыве шмат творчых і спартыўных людзей, і мы стараемся ствараць атмасферу, у якой хочацца працаваць і адпачываць, – падкрэсліў Юрый Волкаў.
Напярэдадні прафесійнага свята хачу выказаць падзяку ўсім работнікам і ветэранам раённай газавай службы. Дзякуй, шаноўныя калегі, за вашу адданасць, сумленнасць і старанне. Няхай у кожнага работніка як у працы, так і ў асабістым жыцці будуць здароўе, поспех і дастатак».
Віншуем з узнагародай!
На Дошку гонару РУП «Віцебскаблгаз» занесена прозвішча ЛЯЛЮГІ Мікалая Аляксеевіча, вадзіцеля аўтамабіля Шумілінскага РГС,
на Дошку гонару ВУ «Полацкгаз» – прозвішча КУЛЯШОВАЙ Наталлі Сяргееўны, прыёмшчыцы заказаў Шумілінскага РГС.
Падзякай Міністра энергетыкі ўзнагароджаны ЦІХАНОВІЧ Віктар Мікалаевіч, вадзіцель аўтамабіля Шумілінскага РГС.
Ганаровай граматай Шумілінскага райвыканкама ўзнагароджана БАГДАНАВА Кацярына Юр’еўна, аператар ПЭВМ Шумілінскага РГС.
Падзякай старшыні Шумілінскага райвыканкама ўзнагароджаны БУРЛАКОЎ Іван Мікалаевіч, электраманцёр Шумілінскага РГС.
Падзякай філіяла «Полацкае вытворчае ўпраўленне» РУП «Віцебскаблгаз» узнагароджаны СЯМЁНАЎ Максім Сцяпанавіч, слесар-сантэхнік
Шумілінскага РГС.




