«Ветэранскае адзінства і згуртаванасць – вялікая сіла»
Таццяна ЦЭРАХ, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:
– Ветэранскае адзінства і згуртаванасць – вялікая сіла. Нас нямала, і мы вартыя на многія карысныя справы. Раённая арганізацыя ветэранаў аб’ядноўвае 28 пярвічак з агульнай колькасцю 2544 чалавекі.
Вопыт, мудрасць, актыўная жыццёвая пазіцыя ветэранаў аказваюць рэальную дапамогу ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, захаванні духоўных, сямейных традыцый, пераемнасці пакаленняў. Увага і клопат да старэйшага пакалення развіваюць міласэрнасць.
Актывісты ветэранскага руху ўваходзяць у склад груп па абследаванні стану воінскіх пахаванняў і мемарыялаў на тэрыторыі раёна, прымаюць удзел у іх добраўпарадкаванні. Савет ветэранаў добраахвотна даглядае памятнае месца расстрэлу мірных жыхароў г. п. Шуміліна ў 1941-1944 гадах у парку 100-годдзя раёна. Прыбіраем, потым ускладаем кветкі да помніка, ушаноўваем памяць загінуўшых.
Уся работа раённага Савета ветэранаў будуецца на актыўнасці пярвічных арганізацый. Гэта вельмі важная работа – менавіта на мясцовым узроўні можна пагаварыць з кожным чалавекам, дазнацца, што яго хвалюе ці трывожыць. Нашы пярвічкі – ініцыятары многіх добрых спраў.
Мы, ветэраны, выступаем за адзінства, стварэнне і сяброўства. Не застаемся ў баку ад дзяржаўных свят, раённых мерапрыемстваў, заўсёды займаем актыўную грамадзянскую пазіцыю ў час выбарных кампаній. Наша работа насычаная і плённая. Супрацоўнічаем з установамі адукацыі, Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеем, фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам, іншымі грамадскімі арганізацыямі раёна. Менавіта ветэраны сталі ініцыятарамі праекта «Вуліцы Герояў», у рамках якога ўстаноўлены інфармацыйныя банеры на вуліцах раёна, названых у гонар Герояў Савецкага Саюза.
Штогод прымаем удзел у міжнароднай сустрэчы ветэранаў на Кургане Дружбы. У скарбонцы нашых мерапрыемстваў – конкурсы, дабрачынныя акцыі, дыялогавыя пляцоўкі. Мы выступаем не толькі за адзінства нашай арганізацыі, але і грамадства ў цэлым, бо прапагандуем патрыятызм, згуртаванасць, выступаем за мір і сяброўства.




