РАЗАМ! Так было, ёсць і будзе!
Флэшмоб «Народная зарадка», дыялогавыя пляцоўкі, інтэлектуальныя гульні, лёгкаатлетычны забег, паказальныя выступленні – жыхары Шумілінскага раёна адзначылі Дзень народнага адзінства.
«Ад гісторыі народа – да гісторыі майго раёна»
9 каманд са школ раёна сабрала раённая інтэлектуальная гульня «Ад гісторыі народа – да гісторыі майго раёна» ў СШ №1 г. п. Шуміліна.
Гульня складалася з двух этапаў – «Свая гульня» і брэйн-рынг. Вучням неабходна было адказаць на пытанні, якія былі звязаны з дзяржаўнай сімволікай Беларусі, дзяржаўнымі святамі і народнымі традыцыямі, культурнай і гістарычнай спадчынай краіны, вобласці і раёна.
Перамагла ў раённай інтэлектуальнай гульні каманда «Нашчадкі Перамогі» СШ №1, другое месца ў каманды «Мегамозг» СШ №2, трэцяе – у каманды «Башнёўскі дзвіж» Башнёўскай БШ.
Арганізатарамі гульні выступілі раённы цэнтр дзяцей і моладзі, раённыя арганізацыі БРПА і БРСМ.
Мы адзіны
Пазітыў, сяброўская атмасфера панавалі на ўрачыстых мерапрыемствах, якія прайшлі на гарадскім стадыёне ў Шуміліне. Грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі раёна прадставілі свае тэматычныя пляцоўкі. Кожная пляцоўка стала жывым адлюстраваннем нашай агульнай гісторыі, дасягненняў.
У гэты дзень раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» папоўнілася 11 новымі членамі. Членскія білеты ўручыла лідар раённай арганізацыі Ірына Шалахава.
Адкрыў вялікую праграму святкавання флэшмоб «Народная зарадка», які сабраў 176 удзельнікаў розных узростаў і прафесій і стаў цудоўнай магчымасцю паказаць, што наша краіна – краіна адзінства і згоды.
Больш за 100 аматараў актыўнага ладу жыцця сталі ўдзельнікамі раённага забегу «За адзінства». Яны прабеглі па цэнтральных вуліцах Шуміліна і фінішавалі на лёгкаатлетычнай дарожцы гарадскога стадыёна. Дыстанцыя не стала выпрабаваннем для лёгкаатлетаў, тым больш, што па ўсім шляху іх гучна падтрымлівалі знаёмыя і сябры.
Пераможцамі забегу сталі Уладзіслаў Алімаў і Дар’я Дзяцко. Медалі і дыпломы пераможцам і прызёрам уручыў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў павіншаваў усіх прысутных са святам.
Яркая канцэртная праграма на стадыёне стала сапраўдным святочным падарункам для жыхароў і гасцей Шуміліна.
Відовішчнымі атрымаліся паказальныя выступленні выхаванцаў аддзялення грэка-рымскай барацьбы Шумілінскай СДЮШАР, юных шумілінскіх футбалістаў і хакеістаў, барцоў вавінам в’ет во дао.
А паказальныя выступленні супрацоўнікаў Дэпартаменту аховы і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях яшчэ раз пацвердзілі, што адзіная Беларусь пад надзейнай абаронай нашых сілавых структур.
Яркім фінальным акордам святкавання стала выкананне песні «Час новых перамог». І гэта было моцна, адзіна і патрыятычна!
«Сэрцам адданыя справе» –
тэма дыялогавай пляцоўкі, якая прайшла ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. На сустрэчу з ветэранамі працы, работнікамі, чые прозвішчы занесены на раённую Дошку гонару, прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, вучнёўскай моладзі.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава павіншавала прысутных з маладым дзяржаўным святам – Днём народнага адзінства, уручыла дыпломы пераможцаў конкурсу на лепшы слоган праекта “Шуміліна – здаровы горад”.
Навуковы супрацоўнік музея Віктар Саковіч нагадаў пра падзеі 17 верасня 1939 года, пра ўз’яднанне беларускага народа ў межах адной дзяржавы – Беларусі.
Тэма народнага адзінства, якое праяўляецца ў розных баках жыцця – працы, культуры, літаратуры, гістарычных падзеях – гучала ў выступленнях спікераў сустрэчы, праводзілася мадэратарам – старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Таццянай Цэрах.
Начальнік аддзела прызначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Кузьмянок падкрэсліла: у тым, што яе прозвішча занесена на Дошку гонару – заслуга ўсяго калектыву, які працуе адказна і добрасумленна.
Ветэран працы Арсенцій Волкаў, які больш за 40 гадоў прысвяціў меліярацыі, расказаў, як меліяратары паляпшалі і расчышчалі ад хмызняку палеткі, ствараючы базу для развіцця сельскай гаспадаркі раёна.
Пісьменнік, публіцыст і журналіст Мікалай Мароз расказаў пра стварэнне кнігі “Папялішча – не тлен”, пра тое, як уражвае подзвіг юных абальчан, якія аб’ядналіся і 605 дзён змагаліся, наносілі шкоду гітлераўцам.
Заслужана занесена на Дошку гонару раёна прозвішча настаўніка Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Святланы Чартковай, якая 40 гадоў прысвяціла таму, каб навучыць музыцы сотні юных шумілінцаў, прывіць ім любоў да нацыянальнай культуры. Тры дзесяцігоддзі яна ўзначальвае ўзорны баянны аркестр школы. Невялікі канцэрт з папулярных музычных твораў ў выкананні Святланы Чартковай і яе калегі Віктара Скорынава стаў яркім завяршэннем сустрэчы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО, Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



































