Немагчыма ўявіць нашу сінявокую Беларусь без лясоў. Гэты зялёны скарб мы атрымалі ад нашых дзядоў і прадзедаў, і наша задача – пакінуць краіну такой жа зялёнай нашым нашчадкам. Вялікая роля ў гэтым належыць работнікам лясной гаспадаркі, галоўная задача якіх – аднаўляць і захоўваць лясы. У бліжэйшыя выхадныя лесаводы будуць святкаваць сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў лесу.
Лес – спадчына і будучыня
Слова – дырэктару Шумілінскага лясгаса Віталю СУДАКОВУ:
– Найпершая і галоўная наша задача – абарона, ахова і ўзнаўленне лясоў, рацыянальнае лесакарыстанне з улікам захавання экалагічных функцый лесу, захавання біялагічнай разнастайнасці лясных багаццяў. Зразумела, што вялікую ўвагу надаем лесааднаўленню – вясновым і асеннім пасадкам лесу. Займаемся нарыхтоўкай драўніны, яе перапрацоўкай і рэалізацыяй, аховай расліннага і жывёльнага свету лясоў. Выконваем даведзеныя паказчыкі прагнозу развіцця лясной гаспадаркі.
За студзень-жнівень нарыхтавалі амаль 105 тысяч кубаметраў драўніны (100,3%), павялічылі аб’ёмы вытворчасці піламатэрыялаў – амаль 10 тысяч куб. м. З пачатку года змаглі павялічыць аб’ёмы рэалізацыі піламатэрыялаў на экспарт.
Але галоўнае – не лічбы, галоўнае – людзі. Упэўнена магу сказаць, што ў Шумілінскім лясгасе працуюць самыя шчырыя працаўнікі, кожны з якіх сапраўдны прафесіянал. З такім калектывам можна і трэба дасягаць самых высокіх вытворчых поспехаў, спраўляцца з любымі пастаўленымі задачамі.
Напярэдадні прафесійнага свята ад імя адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства хачу павіншаваць ветэранаў лясной гаспадаркі, работнікаў Шумілінскага лясгаса і пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, спакою і ўпэўненасці ў заўтрашні дні.
Па добрай традыцыі напярэдадні прафесійнага свята ў Шумілінскім лясгасе адкрываецца абноўленая Дошка гонару, на якую заносяцца лепшыя з лепшых работнікаў. Сёння на старонках раённай газеты мы знаёмім з гэтымі людзьмі.
У адказе за здароўе лясоў
Аляксандр ДУБРОЎСКІ, інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі, фактычна адказвае за здароўе лясоў. Як растуць пасаджаныя сеянцы дрэў, дзе трэба падсадзіць. «Прыемна бачыць, як за сем год сямісантыметровыя сеянцы, дзякуючы нашым сумесным намаганням, вырастаюць у сапраўдны малады лес, – адзначае Аляксандр Пятровіч. – Толькі за гэта можна любіць сваю работу».
На дапамогу калегам
На жаль, прыродная стыхія ў апошнія часы не шкадуе лясы. Амаль год шумілінцы дапамагалі справіцца з бураломамі ў Жлобінскім раёне на Гомельшчыне. А нядаўна Шумілінскі лясгас падставіў сяброўскае плячо суседзям-калегам з Гарадоцкага раёна. Сярод тых, хто дапамагае гарадоцкім лесаводам – трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Казьянскага лясніцтва Аляксандр ЧЫЖЫКАЎ і трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Мішневіцкага лясніцтва Мікалай КАНДРАЦЕНКА. Аляксандр і Мікалай цудоўна ведаюць сваю работу – за плячыма багаты вопыт і ўменне працаваць у самых складаных умовах.
Без калектыва нічога не зробіш
Сяргей СЦЕПАНЕЦ у лясной гаспадарцы працуе амаль 30 год, з іх 15 –ляснічым Мікалаеўскага лясніцтва. Лясніцтва заўсёды ў лідарах, перавыконвае даведзеныя планы. Зразумела, што ў гэтым вялікая заслуга кіраўніка, які ўмее правільна арганізаваць работу. Хаця сам Сяргей Уладзіміравіч кажа, што гэта ўклад кожнага работніка лясніцтва. «Мы ўсе працуем разам не адно дзесяцігоддзе, – зазначае ён. – Разумеем адзін аднаго з паўслова. Да ўсяго, кожны ў Мікалаеўскім лясніцтве – адказны і шчыры работнік. Таму і добрыя вынікі маем».
Абкошвае лясы
Лесавод Мікалаеўскага лясніцтва Яўген БАРЫСЕВІЧ любіць сваю работу. «Пастаянна ў лесе, – кажа Яўген Іванавіч. – Цішыня. Спакой. Прыгажосць лясоў. Мне больш нічога і не патрэбна». І нават цяжкая праца і вялікія аб’ёмы не здаюцца такімі невыноснымі. Так, напрыклад, у летнія месяцы ён абкошвае больш за 10 гектараў. І гэта толькі адна з нямногіх задач работніка.
Вярнуўся на радзіму
Так склалася, што вальшчыку лесу Обальскага вопытна-вытворчага лясніцтва Алегу СІПКО давялося папрацаваць 15 год у Обалі, тры гады – у Мікалаеўскім лясніцтве, а год таму зноў вярнуцца на Обальшчыну. З жонкай пераехалі ў Мікалаева, толькі вось не прыжыліся, таму і вярнуліся на радзіму ў Обаль. А што наконт працы – усё адно працуе на дабрабыт Шумілінскага лясгаса, стараецца ўносіць свой важкі ўклад.
Дома лягчэй працаваць
Трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і выАндрэй Трашчанка вазцы лесу лесапункта «Шумілінскі» Андрэй САЛАЎЁЎ – часты герой публікацый у раённай газеце. З ім сустрэліся ў канцы рабочага дня непадалёк ад Сураўнёў. Андрэй Сяргеевіч адразу зазначыў:
– Прыемна працаваць дома. Тым больш у родных мясцінах, дзе я нарадзіўся. За змену вывожу каля 80 кубаметраў драўніны. Пасля цяжкага працоўнага дня за шчасце вяртацца да дому, што чакаюць жонка і дочкі. Гэта яшчэ больш разумееш пасля працяглай камандзіроўкі ў Жлобінскі раён, калі бачыўся з сям’ёй рэдка.
Галоўнае – справы, а не словы
Пра машыніста тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны лесапункта «Дрэтунскі» Андрэя ТРАШЧАНКУ калегі кажуць толькі станоўчае – і работнік добры, і чалавек шчыры. Спакойны і ўпэўнены, нешмат слоўны, для яго галоўнае справы, а не словы.
РАЎНЕННЕ НА ЗУБАРАВА
Амаль 30 год у лясной гаспадарцы працуе трактарыстам па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Мішневіцкага лясніцтва Віктар ЗУБАРАЎ. Яго прозвішча па выніках мінулага года занесена на раённую Дошку гонару.
Работу па тралёўцы і вывазцы лесу не назавеш простай, тут патрэбны не толькі ўменне і прафесіяналізм, а і цярпенне, і вынослівасць. За час распрацоўкі ветравальна-бураломных лесасек на тэрыторыі Гомельскай вобласці Віктар Зубараў паказваў прыклад іншым, як трэба працаваць.
За высокую выніковасць работ, актыўны ўдзел і важкі асабісты ўклад у ліквідацыю наступстваў неспрыяльных умоў надвор’я, распрацоўку ветравальна-бураломных лесасек В. А. Зубараў узнагароджаны медалем «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый».
Аляксандр ШЭДЗЬКО











