«Женское слово — сила Беларуси». Диалог женщин Шумилинщины организовала районная организация «Белой Руси»

2026 - Год белорусской женщины Главное Общество

«Жаночае слова – сіла Беларусі»

Голас жанчын Шуміліншчыны ў раённым цэнтры культуры гучаў смела, ярка і ўпэўнена – дыялогавую пляцоўку «Жаночае слова – сіла Беларусі», прысвечаную Дню Канстытуцыі  і Году беларускай жанчыны, арганізавала раённая арганізацыя  ГА «Белая Русь».

У гэты дзень актавая зала цэнтра культуры была запоўнена жыхаркамі раёна розных узростаў, прафесій і інтарэсаў. Ёсць нагода сабрацца – ні ў адной краіне не было яшчэ такога, каб цэлы год прысвячаўся жанчынам. А ў нас ёсць, і мы ганарымся гэтым.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўніцы раённых грамадскіх арганізацый: ветэранскай, прафсаюзнай, «Беларускага саюза жанчын», «Белай Русі», «Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа», «Беларускага фонду міру», райкама ГА БРСМ, «ЭкаБума», «Патрыётаў Беларусі», раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь», прадстаўнікі аб’яднанняў сілавога блока, духавенства. Яны і выступілі спікерамі дыялогавай пляцоўкі.

«Беларускія жанчыны вядомы сваёй роляй у гісторыі, культуры і спорце: яны асветнікі, героі вайны, алімпійскія чэмпіёнкі, сімвалы прыгажосці, – адзначыла мадэратар мерапрыемства старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Ірына Шалахава. – Жаночы рух стаў у Беларусі той вялікай сілай, з якой нельга не лічыцца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 сакавіка на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын і падкрэсліў, што «беларускія жанчыны – гэта не проста наша багацце, гэта набытак беларускай нацыі».

Свет мяняецца, і сёння жанчыны самадастатковыя, упэўненыя, самі вызначаюць свой шлях у будучыню, ператвараюць свае мары ў жыццё, не ўступаюць мужчынам у майстэрстве кіраўніка. Яны ўмеюць знаходзіць кампраміс дома і на рабоце, выконваць мноства сацыяльных роляў і пры гэтым заставацца добрымі і пяшчотнымі для родных.

Выступалі не толькі спікеры, але і кожны жадаючы – у зале працаваў свабодны мікрафон. Жанчыны былі актыўнымі – разважалі, прапаноўвалі, дзяліліся назіраннямі.

Пра што мараць?

Каб наш раён з кожным годам прыгажэў, каб пабудавалі ў Шуміліне цэнтр сямейнага адпачынку. Каб ва ўсіх сем’ях была гармонія, каб дзеці былі шчаслівымі. Каб у маці ніколі не замірала сэрца ад ваенных дзеянняў.

«Галоўнае, каб не было злосці і нянавісці, а на душы кожнай з нас быў спакой і мір», – падзялілася матушка Ларыса Пучынская, рэгент царкоўнага хору храма Мікалая Цудатворцы.

Чым ганарацца?

Сваёй сям’ёй, калектывам, дзецьмі, сябрамі. Уменнем весці за сабой, здольнасцю аб’яднаць і падружыць. Ганарацца сваімі продкамі, якія прайшлі вайну і прынеслі Перамогу, добрымі настаўнікамі, прыгажосцю раёна.

«А яшчэ – сваімі землякамі, іх працавітасцю і шчырасцю. Ганаруся і моладдзю – яе талентам, мабільнасцю, крэатыўнасцю», – адзначыла загадчыца Шумілінскага дзіцячага сада № 2  Анжэла Гарлачова.

Што хвалюе?

Перш за ўсё – нестабільная абстаноўка ў свеце, лёс краіны і будучае дзяцей. Сённяшнія і будучыя маці занепакоены тым, што моладзь “зацягваюць” азартныя гульні, шкодныя вейпы. Хвалюе жанчын экалогія, бытавыя праблемы.

«А мяне хвалюе тое, што жанчын хвалюе ўсё – як быць паспяховай, выхаваць дзяцей, зарабіць грошай, знайсці вольны час, – выказала сваю думку дырэктар цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Ларыса Маладзечкіна. – Давайце не будзем забываць, што мы жанчыны, і нам трэба быць прыгожымі, пяшчотнымі і нават слабымі».

А што сказаў эксперт?

На дыялогавай пляцоўцы прысутнічаў адзіны мужчына, ён жа эксперт – старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук. Ён уважліва выслухаў разважанні жанчын, занатаваў іх прапановы. «У кожнай жанчыны свая прыгажосць і свая загадка, – адзначыў Руслан Алегавіч. – Кожная з вас – рухаючая сіла і дасканаласць. Вы маці, паспяховыя кіраўнікі, нашы каханыя. Дзякуючы вам і для вас, мы, мужчыны, дабіваемся новых вяршынь».

Дыялогавая пляцоўка прайшла ў цёплай і даверлівай атмасферы, пацвердзіла, наколькі важна жанчынам удзельнічаць у грамадскім жыцці, уносіць свае прапановы, натхняць усіх ісці да сваіх мар і дасягаць новых вяршынь.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *