Как прошёл волейбольный турнир в Шумилино памяти тренера-преподавателя А. Е. Завадского

Здоровые города и посёлки Молодёжь Спорт, туризм

Кожны матч –  прыступка да новых перамог

У Шумілінскай СДЮШАР прайшоў традыцыйны адкрыты абласны турнір па валейболе сярод хлопцаў памяці трэнера-выкладчыка Анатоля Завадскага.

У госці да шумілінцаў прыехалі калектывы з Мінска, Гомеля, Брэста, Пскова і Адзінцова. Гаспадары на турніры выставілі дзве каманды.

Турнір па валейболе памяці трэнера-выкладчыка Анатоля Завадскага – спартыўны брэнд Шумілінскага раёна. Удзельнічаць у ім – гонар для любой каманды. Менавіта таму, нягледзячы на адлегласць, да нас прыязджаюць брэсцкія каманды, валейбалісты з Мінска, дзе вялікая канкурэнцыя, наймацнейшыя склады каманды – з Расіі.

У цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 Міхаіл Вішнявецкі. Дэпутаты пажадалі ўдзельнікам прыгожай барацьбы і яркіх спартыўных перамог. Валейбалісты, трэнеры і балельшчыкі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць трэнера, капітаны каманд разам з дырэктарам Шумілінскай СДЮШАР Алегам Асташонкам усклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі.

Сёлетні турнір падарыў багата цікавых сустрэч. Усе каманды былі прыкладна аднаго ўзроўню, і ад гэтага выйгралі ўсе. Цяжка выдзеліць адну гульню: усе сустрэчы былі бескампрамісныя і напружаныя. На такі валейбол было прыемна паглядзець.

Што тычыцца шумілінскіх каманд, то яны годна выглядалі на пляцоўцы, былі перамогі і паражэнні, шумілінцы дэманстравалі прагу за перамогу, выцягвалі партыі ў крытычных сітуацыях. Трэнер шумілінскай каманды Аляксей Паршыкаў адразу акрэсліў задачы спаборніцтваў: «Праз тры тыдні ў Шуміліне пройдзе першынство вобласці. І нам трэба добра падрыхтавацца да яго. Выбраць аптымальны састаў і звязкі, праверыць хлопцаў у розных гульнявых сітуацыях. Каманда павінна быць не толькі камандай, а і адчуваць адзін аднаго». Таму ў шумілінцаў было шмат эксперыментаў і перастановак – трэнер шукаў аптымальныя варыянты.

Прызавая тройка турніру выглядае так: першае месца – «Пскоў», другое – «Мінск-1», трэцяе – «Шуміліна-1».

Яркім фіналам турніру стала цырымонія ўзнагароджання. Кубкі, медалі, статуэткі лепшым валейбалістам уручыла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. І гэта ўсё праходзіла пад урачысты халодны феерверк. Пасля сумеснага фатаграфавання ўдзельнікі не развіталіся, а сказалі «Да новых сустрэч у Шуміліне!».

Аляксандр ШЭДЗЬКО



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *