Хто сказаў, што з трымерам могуць упраўляцца толькі мужчыны?! Алеся Кудзянава з Обалі абвяргае такое меркаванне. Яна працуе дарожным рабочым на майстарскім участку № 3 ДРБУ‑204, і з вясны да позняй восені гэты інструмент у яе руках практычна кожны дзень. На пытанне, колькі ён важыць, Алеся адразу адказвае: «Пяць кілаграмаў».
У ДРБУ-204 Алеся Кудзянава – адзіная дарожная рабочая, прадстаўніца цудоўнай паловы чалавецтва. Калі ўладкоўвалася на ўчастак пяць гадоў таму, многія пасмейваліся, маўляў, “слабая палова” не зможа. А ў ёй атрымалася. Хаця дагэтуль, як кажа сама, трымер у руках не трымала. А цяпер і мужчынам фору дасць. «Восем сотак за дзень – лёгка! – усміхаецца Алеся. – Спачатку было непрывычна і цяжкавата, а цяпер уцягнулася. Фізічнай працы не баюся, бо раней працавала на сарціроўцы на Обальскім керамічным заводзе. Калі здараюцца непаладкі, мужчыны-калегі прыходзяць на дапамогу».
Алеся Кудзянава вучыцца завочна ў Магілёўскім архітэктурна-будаўнічым каледжы на тэхніка-будаўніка. Пасля заканчэння ўстановы ёй можна будзе заняць пасаду майстра.
Ларыса КІСЯЛЁВА

