Наступствы ліквідуюцца
Змена надвор’я і моцныя парывы ветру ў нядзелю 12 кастрычніка прынеслі праблемы жыхарам Шуміліншчыны і камунальным службам, якія аператыўна прыступілі да ліквідацыі наступстваў непагоды.
«У аграгарадку Светласельскі і ў райцэнтры пашкоджаны дахі чатырох шматкватэрных дамоў, двух гаспадарчых пабудоў, разбураны шкляныя рамы на двух балконах, таксама пашкоджаны адзін аўтамабіль. Зафіксавана падзенне аднаго дрэва, шмат абламаных галін дрэў, – расказаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях Руслан Насцюшкін. – УП ЖКГ аператыўна прыступіла да ліквідацыі разбурэнняў. Пацярпелых сярод грамадзян няма».
Учора з раніцы брыгада рабочых з піламі аператыўна спілавала і вывезла пашкоджаныя дрэвы.
Асаблівая ўвага – пашкоджаным дахам жылых дамоў. На месцы працавалі аўтавышкі, прывезены неабходныя матэрыялы. Рабочыя прыступілі да рамонту.
Як паведамілі ў Шумілінскім РЭС, з-за ветру на працягу сутак 12 кастрычніка зарэгістраваны адключэнні 77 трансфарматарных падстанцый і 5 паветраных ліній электраперадач, электразабеспячэнне было адключана ў 9 населеных пунктах. У выніку зладжанай работы аварыйных брыгад усе парушэнні аператыўна ліквідаваны, электразабеспячэнне адноўлена.
Шумілінскі РАНС звяртаецца да жыхароў раёна і просіць неадкладна паведамляць пра ўзнікненне аварыйных сітуацый па тэлефонах 101 ці 112. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.






